Спёка робіць паветра і ваду небяспечнымі для здароўя (Мапа небяспечных месцаў)


Гарачае надвор’е стварае вялікую небяспеку беларусаў. Гэтак, у Гомлі дзецям забаронена купацца ва ўсіх вадаёмах. А ў Менску адмыслоўцы зазначаюць пагаршэнне якасці паветра, і сітуацыя не мяняецца другі тыдзень.

Дзецям у ваду нельга

У Гомлі эксперты Цэнтру гігіены і эпідэміялогіі праверылі вадаёмы на ўтрыманне кішачнай палачкі. У большасці месцаў для купання яе колькасць пагражае здароўю. На ўсіх 17 пляжах гораду ўвялі забарону на купанне дзяцей. А на 6 пляжах Гомельскай вобласці нельга купацца і дарослым, бо мікрабіялагічныя пробы вады не адпавядаюць нормам.

Спіс пляжаў з небяспечнаю вадою

  • Цэнтральны,
  • Навабеліцкі,
  • возера Любенскае,
  • Заходні Савецкага раёну,
  • вадаём у г. п. Касцюкоўка
  • і ў парку Прыдняпроўскі ў Жлобіне.

Кішачная палачка ды іншыя шкодныя мікраарганізмы імгненна размнажаюцца ў цёплай вадзе. Іх жыццяздольнасць падтрымліваюць смецце і адкіды, якія трапляюць у рэкі ды азёры ад гараджанаў і прадпрыемстваў.

Паветра, якім небяспечна дыхаць

Перавышэнне нормаў утрымання шкодных рэчываў у паветры канстатуюць http://rad.org.by/news/kachestvo-vozduha-v-g.-minske-2.html адмыслоўцы ў Менску. На працягу двух тыдняў не меншае канцэнтрацыя фармальдэгіду ды фракцыяў цвёрдых часцінак. Фармальдэгід перавышае норму ў 1,6 разу.

Мапа небяспечнага паветра ў Менску


Праглядзець Дзе ў Менску небяспечна дыхаць на мапе вялікага памеру

Фармальдэгід можа назапашвацца ў арганізме і выклікаць астму, пры працяглым уздзеянні пагражае мутацыямі, алергіяй і канцэрагенным уздзеяннем. Рэчыва ўплывае на ныркі ды пячонку, выклікае галаўныя болі, стомленасць, дэпрэсію.

Дзеля абароны ад буйных цвёрдых часцінак (памерам да 10 мікронаў) у нашых арганізмах ёсць бар’ерныя механізмы, таму ім цяжэй патрапіць у лёгкія, чым фармальдэгідам. Больш небяспечныя для здароўя дробныя цвёрдыя часцінкі памерам 2–3 мікроны.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары