КДБ заяўляе, што злавіў літоўскіх шпіёнаў (Абноўлена)


Як паведамляе цэнтр інфармацыі ды грамадскіх сувязяў КДБ Беларусі, шпіёнілі на карысць Літвы грамадзяне Беларусі. Рэзідэнта ваеннай выведкі Літвы грамадзяніна «Ф» затрымалі з доказамі злачынства «падчас правядзення агентурнай акцыі». Калі ён перадаваў замежнай спецслужбе сакрэтныя звесткі, затрымалі асобаў з ягонай агентурнай сеткі.

Паводле цэнтру інфармацыі, затрыманыя шукалі сакрэтную інфармацыю ў ваеннай сферы, у тым ліку пра адзіную сістэму бяспекі Саюзнай дзяржавы, каб перадаць яе за мяжу. У паведамленні гаворыцца, што спецслужбы канфіскавалі электронныя носьбіты ды іншыя доказы, а факты даведзеныя дакументальна.

Шпіёны ўжо зрабілі прызнанне, а эксперты пацвердзілі, што звесткі складаюць дзяржаўную таямніцу Рэспублікі Беларусь. «Своечасовае ўмяшанне Камітэту дзяржаўнай бяспекі дазволіла выявіць планы замежнай выведкі, узяць яе дзеянні пад кантроль і перадухіліць нанясенне сур’ёзнай шкоды абараназдольнасці і бяспецы дзяржавы», – гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Распачатая справа паводле арт. 356 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Здрада дзяржаве»), за што пагражае ад 7 да 15 гадоў турмы.

«Распаўсюд такіх інсінуацыяў беларускім КДБ не спрыяе паляпшэнню двухбаковых адносінаў», – гэтак пракаментаваў агенцтву «БелаПАН» сённяшняе паведамленне пра затрыманне шпіёнаў кіраўнік аддзелу сувязяў з грамадскасцю Міністэрства замежных справаў Літвы Міндаўгас Лашас.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары