Расея вымушае беларусаў плаціць мыты за імпартныя камп’ютары


У межах Мытнага саюзу бліжэйшым часам плануецца ўвесці мыта на завезеныя камп’ютары. Дакладны памер і тэрміны ўвядзення будуць вядомыя ў жніўні. Захаду лабіруюць расейскія кампаніі, што займаюцца зборкаю камп’ютарнай тэхнікі.

Мыты перадусім датычаць монаблокаў і сервераў. Спіс тэхнікі, куды ўвойдуць і персанальныя настольныя камп’ютары, разгледзяць у жніўні. Мыта на іх будзе не вышэйшае за 10 % кошту, перадае сайт прадпрымальніцкага руху “Перспектыва”.

Ідэю браць мыта за завезеную камп’ютарную тэхніку ў межах Мытнага саюзу Беларусі, Расеі ды Казахстану падкінуў адзін з расейскіх вытворцаў камп’ютараў. Такім чынам беларусам давядзецца або набываць расейскае, або плаціць больш за імпартнае.



Мытны саюз для расейцаў

Гэтая гісторыя з новымі мытамі на камп’ютары нагадала эканамісту Сяргею Чаламу гісторыю з платаю на завезеныя аўтамабілі. І тады, і цяпер беларусы вымушаныя плаціць болей, каб абараніць расейскі рынак і расейскага вытворцу.

“Мытны саюз ад самага пачатку задумваўся як абсалютна пратэкцыянісцкае ўтварэнне, і яго логіка на гэтым і палягае. І ні пра які свабодны рынак тут гаварыць не выпадае. Гэта проста спроба расейскія пратэкцыянісцкія механізмы распаўсюдзіць на больш шырокую тэрыторыю”, – кажа спадар Чалы.

І беларусам давядзецца за гэта плаціць. Аднак балючы ўдар па персанальнай кішэні беларуса змякчаецца выгодамі дзяржаўнага маштабу. Увогуле, паводле ацэнак эксперта, беларусы на мытах губляюць $ 1 млрд, а на газе ды нафце эканомяць $ 3 млрд.

“Умовы гандлю энергетычнымі таварамі – гэта тая плата, якую Расея мусіла зрабіць Беларусі ўжо даўно. Мы цяпер атрымліваем нафту за кошт каля 55 долараў за барэль замест 100, і газ за 165 долараў замест 330. Гэта непасрэдная нашая выгода ад перабывання ў Мытным саюзе і адзінай эканамічнай прасторы. Для нас іншага рэзону няма. Іншая рэч, што гэтыя ўмовы мусілі ўвесці ўжо даўно”, – мяркуе эканаміст.

belsat.eu

Стужка навінаў