Сяргей Каваленка атрымаў характарыстыку «злоснага парушальніка рэжыму»


Пакуль невядома за што менавіта, віцебскі актывіст Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Сяргей Каваленка атрымаў такую характарыстыку. Наступствы: раней ён мог набыць у турэмнай краме харчоў на 500 тыс. рублёў, цяпер толькі на 100 тыс.

Паводле жонкі Сяргея Каваленкі, палітвязень у калоніі працуе “дзве гадзіны на дзень”. “Ён там пляце сеткі – не вялікія, а такія прадуктовыя, якія ў СССР звалі “авоські”. Трохі займаецца спортам, але па-ранейшаму скардзіцца, што яму баліць галава”, – сказала Алена Каваленка.

Медычная пасылка ж, якую яна адправіла мужу з паштовага аддзялення, што абслугоўвае магілёўскую калонію № 19, да Сяргея Каваленкі яшчэ не дайшла, хоць прайшоў ужо тыдзень.

Сяргея Каваленку затрымалі 19 снежня 2011 года, звінаваціўшы ва ўхіленні ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі (арт. 415 КК). Ідзецца пра пакаранне, вынесенае актывісту ў траўні 2010 года за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай навагодняй яліне Віцебску. Сёлета ў лютым Каваленку асудзілі на два гады і адзін месяц пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму. Адразу пасля затрымання ён абвесціў галадоўку пратэсту, якая доўжылася з невялікімі перапынкамі прыблізна два месяцы.

18 траўня Віцебскі абласны суд адмовіўся задаволіць касацыйную скаргу Каваленкі на прысуд. У магілёўскую калонію яго этапавалі 19 траўня.

belsat.eu

Стужка навінаў