Апазіцыянерам прапанавалі праверыцца на дэтэктары хлусні (дадалося відэа)


https://youtu.be/B6smzIo8Y3I
Працэдуру трэба прайсці перад парламенцкімі выбарамі.

Прапанову выказаў былы кіраўнік выбарчага штабу Мікалая Статкевіча на прэзідэнцкіх выбарах 2010 г. Сяргей Марцалеў. Паводле яго, лідары апазіцыі, якія “ў той ці іншай ступені маюць намер прыняць удзел у парламенцкай выбарчай кампаніі”, фігуравалі ў крымінальных справах паводле падзеяў 19 снежня 2010 г. Шмат каго падазравалі ў тым, што яны пад ціскам пагадзіліся супрацоўнічаць са спецслужбамі.

“Алею ў агонь падлілі і факты напісання некаторымі палітыкамі пакутных лістоў прэзідэнту, і выпадак з экс-кандыдатам на прэзідэнта Алесем Міхалевічам, які публічна прызнаўся ў тым, што яго выпусцілі ў абмен на абяцанне супрацы з КДБ. Зыходзячы з гэтага, палітыкі загаварылі аб “фракцыі генерала Зайцава” (старшыні КДБ. – belsat.eu) у апазіцыі”, – сказаў Марцалеў агенцтву “БелаПАН”.

Гэта прывяло да таго, што лідары апазіцыі адзін аднаму не давяраюць, а самі спецслужбы ўсяляк культывуюць чуткі пра вярбоўку, тым самым узмацняючы недавер. Марцалеў лічыць, што палітыкі, якія збіраюцца ўдзельнічаць у парламенцкай кампаніі, “мусяць пацвердзіць, што не супрацоўнічаюць ні з беларускімі, ні з замежнымі спецслужбамі”.

Паводле Марцалева, гэта верне давер у асяроддзе апазіцыі ды не дасць магчымасці дзяржаўным тэлеканалам казаць, што апазіцыянеры супрацоўнічаюць з заходнімі спецслужбамі. Ён заявіў, што гатовы першы прайсці такую праверку, а кантраляваць яе прапануе незалежным медыям.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары