За каго заўзееце - Польшча ці Расея?


Сёння ў Польшчы пройдзе другі этап групавых матчаў “Еўра-2012”. Спачатку а 19-й гадзіне сустрэнуцца зборныя Чэхіі ды Грэцыі, а пасля, а 21:45, адбудзецца матч камандаў Польшчы і Расеі.

Расейскія заўзятары пройдуць маршам да Нацыянальнага стадыёну, асяродкі ж польскіх радыкальных фанатаў пагражаюць адпомсціць расейцам за інцыдэнт у Вроцлаве. Там пасля матчу Расея–Чэхія расейскія фанаты збілі польскіх сцюардаў, што спрабавалі затрымаць падазраванага ў кіданні фаера на поле.

Больш, чым проста матч?

Увогуле атмасфера вакол сённяшняга матчу больш палітычная, чымся спартовая. У панядзелак польскія газеты і часопісы выказвалі чаканне “паўтору бітвы Варшаўскай”. У сваю чаргу расейскія заўзятары, даведаўшыся пра тое, што польскія “правыя” вінавацяць расейскі бок у катастрофе прэзідэнцкага самалёта ля Смаленску, кажуць, што закідаюць палякаў папяровымі самалёцікамі.

“Белсат” запытаўся ў менчукоў: за каго ў гэтым двубоі будуць заўзець яны. З адказаў відавочна, што і для беларусаў гэты матч не проста гульня ў футбол.

belsat.eu

Стужка навінаў