Помста? Збіты даішнікамі стрыт-рэйсэр атрымаў 10 дзён арышту



10 дзён арышту атрымаў Яўген Селіцкі — стрытрэйсер, якога ўначы 9 чэрвеня пабілі даішнікі. Відэа з інцыдэнтам патрапіла ў інтэрнэт, а сам пацярпелы напісаў заяву ў Следчы камітэт. Сёння зранку Яўгена выклікалі ў раёнае аддзяленне міліцыі, па абедзе яго ўжо асудзілі.

Учора інфармацыя пра здарэнне была апублікаваная на сайце “Белсату”.

А ўжо сёння аб 11-й гадзіне Яўген Сяліцкі паведаміў “Белсату”, што яго выклікаюць да начальніка Кастрычніцкага РУУС Менску. Афіцыйнай прычыны яму не паведамілі. Спадар Сяліцкі хваляваўся, што міліцыянты могуць яго “закрыць” з-за помсты, і прасіў хоць якой дапамогі. Праз дзве гадзіны ад яго прыйшло паведамленне: “Яны мяне прывезлі ў Кастрычніцкі РУУС, цяпер пішуць на мяне паперы і ў КПЗ. Дапамажыце, калі ласка. Я Сяліцкі Яўген Валер’евіч. Малю вас”.{movie}Аматарскае відэа інцыдэнту|right|4718{/movie}

Цяпер ягоныя тэлефоны выключаныя. У Кастрычніцкім РУУС паведамілі, што ён быў у іх, але цяпер – у судзе Кастрычніцкага раёну Менску. Паводле якога артыкулу складзены пратакол на спадара Сяліцкага, міліцыянты сказаць не маглі.

У Кастрычніцкім судзе паведамілі, што Яўген Сяліцкі ўжо асуджаны на 10 дзён арышту. Справу разглядала суддзя Наталля Пратасавіцкая, славутая сваёю спецыялізацыяй на “палітычных” справах. Таксама вядома, што судзілі Сяліцкага паводле двух артыкулаў, віну ён прызнаў цалкам. За якія парушэнні спадар Сяліцкі патрапіў за краты, невядома. “Ён сам ведае, што ён зрабіў”, – сказалі ў судзе.

Нагадаем, што Яўген Сяліцкі быў збіты двума даішнікамі Кастрычніцкага РУУС уначы 9 чэрвеня. Імя аднаго з міліцыянтаў – Сяргей Гурда. У той дзень Сяліцкага білі ў жывот, грудзі, галаву, а потым склалі два пратаколы за парушэнне правілаў дарожнага руху.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары