Менская міліцыя беражэ сканары для адбіткаў пальцаў


Кожны раённы аддзел міліцыі Менску забяспечаны «жывым сканарам» — прыладаю для бясфарбавай дактыласкапіі. Апарат, што каштуе як патрыманы аўтамабіль, схаваны ад вачэй і пальцаў звычайных грамадзянаў.

Па-старому «адкаталі» 2,5 мільёны

У дзяжурным аддзеле Савецкага РАУСу Менску службе інфармацыі «Белсату» паведамілі, што прайсці маркую працэдуру дактыласкапіі можа кожны грамадзянін, прычым бясплатна:

«Звяртайцеся ў дзяжурную частку, і мы ўсё зробім. Гэта бясплатна. Можаце ўзяць з сабою мыла, калі хочаце», – кажа дзяжурны. На пытанне, ці можна здаць адбіткі на сканары, нам адказалі: «У нас няма такой магчымасці. Усё робім па-старому, мазілам мажам».

Гэткая ж сітуацыя ўва ўсіх астатніх раённых аддзяленнях сталіцы. За час дзеяння Закону аб абавязковай дактыласкапіі міліцыянты паспелі правесці праз брудную працэдуру 2,5 млн беларускіх мужчынаў. У некаторых жанчын таксама масава здымалі чорныя адбіткі пальцаў. Гэтак, затрыманыя ўдзельнікі «Плошчы-2010» усе без выключэння былі вымазаныя ваксаю для працэдуры дактыласкапіі. Гэта чорнае густое рэчыва пакрывае пальцы тонкаю плёнкаю, як мазут або тлусты крэм для абутку. Яно змываецца з вялікаю цяжкасцю.

«Рэгула», пакажыся

Апарат, якім забяспечаныя міліцэйскія РУУСы, завецца «Рэгула-7102». Яго распрацавалі ды выпускаюць у Беларусі. Каштуе «жывы сканар», як патрыманы аўтамабіль – каля 6 тыс. долараў.

Пабачыць прыладу і праверыць, як яна працуе, можна было на выставе «Чалавек і бяспека», што нядаўна праходзіла ў менскім «БелЭкспа».

«Сканарамі забяспечанае кожнае раённае аддзяленне міліцыі гораду Менску, але па статыстыцы больш бяруць з дапамогаю фарбы, бо дактыласкапія ажыццяўляецца не толькі ж у аддзяленнях», – кажа супрацоўнік Экспертна-крыміналістычнага цэнтру ГУУС Менгарвыканкаму Валер Пятрушчанка.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары