Даведнік заўзятара. Як даехаць да «Еўра»?


Да адкрыцця чэмпіянату Еўропы па футболе ў нашых суседзяў – ва Украіне і ў Польшчы – засталося тры дні. Але яшчэ можна паспець літаральна на апошні цягнік і паўдзельнічаць у адной з самых захапляльных спартовых падзеяў гэтага лета. “Еўра-2012” праходзіць вельмі блізка, а значыць, спаборніцтвы для нас як ніколі дасяжныя.

Фактычна з кожнага рэгіёну Беларусі наўпрост у Варшаву можна трапіць аўтобусам. З Менску білет у адзін бок будзе каштаваць каля пяцідзесяці долараў, што, прынамсі, на 30 адсоткаў танней за чыгунку. Вядома, найменш заплоцяць жыхары захаду. Прыкладам, чыгункаю з Горадні да Беластоку, а далей у Варшаву вам стане ўсяго ў 15 долараў. У Берасці ж адмыслова адкрылі зялёны канал для тых, хто едзе на турнір у Польшчу на аўце і вязе толькі асабістыя рэчы.{movie}Як даехаць да «Еўра»?|right|4640{/movie}

Калі вы ўжо трапілі на Цэнтральны вакзал польскай сталіцы, то, вядома, вам падкажуць усю неабходную інфармацыю – на ангельскай ці расейскай мове – вось у такіх цэнтрах. Але перад гэтым трэба адстаяць чаргу. Мы ж ужо даведаліся і ахвотна падзелімся з вамі.
Як наведаць матчы ў іншых гарадах краіны? Самы хуткі і танны маршрут вас чакае ў Познань, дзе адбудзецца 3 групавыя матчы. Выдаткуеце 3 гадзіны часу і 15 долараў. Аж 4 гульні пройдуць у Гданьску. Дарога туды найдаражэйшая, амаль 20 долараў, і найдаўжэйшая – цягніком каля 6 гадзінаў. Тое ж і наконт Вроцлава, дзе каманды на групавым этапе пазмагаюцца ў 3 матчах.

На час спаборніцтваў “Еўра”, да 2 ліпеня ўключна, Польская чыгунка прапаноўвае абанемент на ўсе цягнікі за 280 долараў у эквіваленце. Кошт не малы, асабліва калі дадаць сюды цэны на праязныя білеты ўнутры гарадоў – у сярэднім 1 долар за адну паездку.

Таму найбольш рацыянальна ў такім выпадку – застацца ў адным абрАным горадзе. Тым больш у кожным, як у Польшчы, гэтак і ва Украіне, атмасфера “Еўра” будзе адчувацца ажно да фіналу турніру. У “зонах заўзятараў”, што ўжо робяцца ў местах, якія прымуць чэмпіянат, канцэрты і іншыя імпрэзы плануюцца ўдзень і ўначы. Акрамя ж, вядома, супольнага прагляду матчаў.

Алесь Залеўскі, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў