Якую хваробу можна падчапіць у празрыстым возеры?


Калі вада на першы погляд чыстая, гэта яшчэ не азначае, што ў возеры можна купацца.

“Мы гаворым пра тое, што вадаём забруджаны, калі там непразрыстая вада, плавае смецце, калі непадалёку ходзяць каровы. Але белы пясок і празрыстая вада – яшчэ не гарантыя чысціні. Нават у чыстым на выгляд вадаёме купальцы могуць захварэць на вельмі непрыемныя хваробы, напрыклад, дэрматыт”, – папярэдзіў доктар-паразітолаг Рэспубліканскага цэнтру гігіены, эпідэміялогіі ды грамадскага здароўя Андрэй Ведзянькоў 5 чэрвеня на прэс-канферэнцыі ў Менску.

Паводле яго, галоўныя пераносцы хваробаў – вадаплаўныя птушкі. Людзі ж, не ведаючы пра гэта, не тое што не звяртаюць на іх увагі, але яшчэ і спрабуюць накарміць.

Сёлета ў Беларусі эпідэміёлагі будуць правяраць ваду ў 567 вадаёмах (адпаведныя спісы месцаў складаюць мясцовыя чыноўнікі). Пробы традыцыйна бяруць з чэрвеня да верасня. Калі вада забруджаная мікраарганізмамі, купацца забараняюць.

belsat.eu

Стужка навінаў