Дырэктываю па «чарнілу»! Улады спрабуюць спыніць алкагалізм забаронамі


У Менску забаранілі продаж “чарнілаў”. Праўда, толькі ў адным раёне – Партызанскім, дый толькі дзеля эксперыменту. Улады хочуць паглядзець на эфект. Мяркуецца, што 1 верасня “добрае недарагое віно” вернецца на паліцы крамаў Партызанскага раёну сталіцы.

Лакальны эксперымент ажыццяўляе мясцовая адміністрацыя, а сама акцыя прадугледжаная “Дзяржаўнаю праграмаю нацыянальных дзеянняў для папярэджання і пераадолення п’янства і алкагалізму на 2011–2015 гг.” Распрацоўнікі плану выратавання нацыі ад “зялёнага змея” прызнаюць, што праблема алкагалізму сапраўды сур’ёзная.

Ад выпадковых атручванняў алкаголем загінулі 10,5 тысяч жыхароў Беларусі з 2006 да 2009 г. Вырасла колькасць асобаў, што стаяць на наркалагічным уліку: да 181 тысячы ў 2009 г., з іх 37 % жанчын. У тым жа годзе было зафіксавана 17 тысяч выпадкаў спажывання алкаголю няпоўнагадовымі, што прывяло да шкоды здароўю.

Досвед у рэгіёнах

Гэта не першая спроба абмежаваць продаж алкаголю. Доўгатэрміновыя эксперыменты з забаронаю пладова-ягадных і пладова-вінных напояў ужо праводзіліся ў Беларусі: у Салігорскім раёне двойчы , а таксама ў Ашмянскім раёне Гарадзенскай вобласці.

У Салігорску гэтая спроба скончылася пераможным вяртаннем “чарніла” на паліцы. Пазней танны алкаголь вярнуўся і ў Ашмянскі раён. Нягледзячы на пазітыўныя вынікі эксперыментаў – у некалькі разоў скарачаецца колькасць злачынстваў на глебе п’янства, падае атручванне алкаголем, – інтарэсы вытворцаў танных напояў стаяць на першае месца. Да прыкладу, доля пладова-ягаднага віна ва ўсім алкагольным абарачэнні Ашмянскага раёну складае 20 %.

Эканаміст: вытворцы віна будуць ісці да канцаЭканаміст Антон Болтачка: Вытворцы будуць лабіяваць свае інтарэсы да самага канцаЭканаміст Антон Болтачка: Вытворцы будуць лабіяваць свае інтарэсы да самага канца

Эканаміст Антон Болтачка лічыць, што доўгатэрміновага эфекту забаронамі ўсё адно не дасягнуць. Ён кажа, што пры развязанні праблемы алкагалізму сутыкаюцца інтарэсы элітаў, што вырабляюць танныя і небяспечныя напоі, ды інтарэсы грамадства, што пакутуе праз алкагалізм.

“У нас расце спажыванне танных напояў – і вытворцам, канечне, гэта выгадна. Яны будуць лабіяваць свае інтарэсы да самага канца. А дзяржава будзе паказваць, што яна за здаровы лад жыцця, але ў той жа час не зможа адмовіцца ад падаткаў, што ідуць ад продажу “чарніла”, – кажа эксперт.

Каб вырашыць гэтую складаную задачу, на думку Антона Балточкі, трэба зняць абмежаванні на ўвоз у Беларусь замежных вінаў, якія маюць вышэйшую якасць і, без уліку беларускіх накрутак, ніжэйшы кошт. Да прыкладу, кошт адной бутэлькі малдаўскага віна больш як напалову складаецца з падаткаў і мыта. Пры здаровай канкурэнцыі на рынку незапатрабаванае спажыўцом “чарніла” само сыдзе. А беларускаму вытворцу стане жыццёва неабходна павысіць якасць прадукцыі або пераарыентаваць бізнес.

belsat.eu

Стужка навінаў