Павал Усаў: Пуцін будзе толькі пашыраць уплыў Расеі на краіны былога СССР




Трэці транш крэдыту ЕўрАзЭС і гучныя заявы пра супольную будучыню. Візіт Пуціна ў Беларусь адзначыўся матэрыяльнаю і маральнаю шчодрасцю. Аднак аналітыкі ў шчырасць расейскага лідара не вераць і прадказваюць: расейска-беларускія дачыненні чакаюць суровыя будні.

Падчас свайго візіту Уладзімір Пуцін не шкадаваў кампліментаў. Ён пахваліў кіраўніцтва Беларусі за эканамічныя поспехі ды адзначыў рух у правільным кірунку. Але галоўным вынікам сустрэчы можна назваць агучанае Пуціным рашэнне даць Беларусі трэці транш крэдыту ЕўрАзЭС, які затрымліваўся ад лютага. І гэта нягледзячы на тое, што Беларусь так і не выканала ўсіх абяцанняў. У тым ліку і галоўнага – прыватызацыі айчынных прадпрыемстваў.

Паводле палітолага Паўла Усава, больш важны не сам візіт, а атмасфера, у якой ён адбываўся.

“Беларусь фактычна ў міжнароднай ізаляцыі, і гэтым візітам Пуцін падкрэсліў, што будзе працягваць праводзіць палітыку, што не ідзе ў кірунку Захаду. Тыя пытанні, якія ставіў перад сабою Пуцін, былі вырашаныя, і за лаяльнасць, якую Лукашэнка ўвесь час выяўляў, Беларусь атрымала чарговую датацыю дзеля стабілізацыі фінансавага рынку. І, канечне, пытанне будовы АЭС у Беларусі, якую Расея будуе насамрэч для сябе”, – кажа палітолаг.

Аднак гэта не значыць, што толькі Беларусь будзе асноўнаю мэтаю геапалітычных інтарэсаў Расеі. На самым пачатку свайго кіравання ў 2000 г. Уладзімір Пуцін першы замежны візіт зрабіў у Паўночную Карэю, такім чынам падкрэсліваючы кардынальную змену стратэгіі расейскіх міжнародных дачыненняў.

“Сённяшні візіт у Беларусь паказвае, што асноўным прыярытэтам будзе ўсё ж пашырэнне ўплыву Расеі на прасторы былога СССР”, – кажа Павал Усаў.

belsat.eu

Стужка навінаў