Мацкевіч: Сёння ўжо ўсе ведаюць, што выбары прайграныя


АГП – за байкот, а БНФ – за ўдзел. Апазіцыя ідзе на выбары, цяпер у Палату прадстаўнікоў, чарговы раз – разрознена. Волевыяўленне мае адбыцца не пазней за 26 верасня. Але на сёння ў кране амаль няма прыкметаў гэтай падзеі. Нават дакладны дзень, які мае быць агучаны Аляксандрам Лукашэнкам, дагэтуль не названы. Апазіцыйныя партыі ды рухі не маюць згоды адносна ўдзелу або байкоту выбараў. Шэраг палітычных сілаў галоўнаю ўмоваю свайго ўдзелу ў парламенцкіх выбарах называе вызваленне палітвязняў, а калі гэтага не адбудзецца, яны адмаўляюцца браць удзел у выбарах.

Паводле палітолага Уладзіміра Мацкевіча, улады наўмысна зацягваюць абвешчанне пачатку выбарчай кампаніі. “Гэта скарачае час на рыхтаванне, на тое, каб узбударажыць грамадзянскую думку. Зрабіць выбарчую кампанію, якая б адбілася ў далейшым на палітычным жыцці краіны, за тры месяцы вельмі цяжка. Сцэнар парламенцкіх выбараў адпрацаваны з 1995 года, усе чыннікі, якія робяць выгаду ўладам, апрабаваныя і выкарыстоўваюцца да сёння”, – кажа Мацкевіч.

Апазіцыя ж свайго сцэнара не мае і заўсёды гуляе паводле сцэнара, навязанага ўладамі. Палітолаг тлумачыць гэта няздольнасцю апазіцыі да выпрацавання супольнай стратэгіі. “Кожны пераможны сцэнар ёсць нейкаю цэльнасцю. Таму трэба ўмець пазбавіцца ад уласнага эгаізму і прыняць думку іншага, калі яна лепшая за тваю. Ва ўладаў такой праблемы няма – у іх ёсць дыктатура, дзе заўсёды адно меркаванне. Тое, чаго не патрабуе ўлада, неабходна апазіцыі – гэта салідарнасць, гэта супольнасць і ўвогуле здольнасць дамаўляцца”, – падкрэсліў спадар Мацкевіч.

Апаненты ўладаў не маюць нават агульнай пазіцыі што да мінулых прэзідэнцкіх выбараў. Уладзімір Мацкевіч зазначае, што не было нават спробы яе выпрацаваць. “Апазіцыя добра ведае, супраць чаго яна, і нават можа паведаміць гэта незацікаўленым у палітыцы людзям. Але дзеля забеспячэння падтрымання трэба добра ведаць, “за што” і “для чаго” мы займаемся гэтаю барацьбою. Заангажаваныя палітычна – гэта заўсёды толькі 10 %, у найбольш вострыя моманты – 20 % адсоткаў усёй нацыі. І мы ў сваёй грамадзянскай супольнасці не разумеем, што робіць дэмакратычная апазіцыя. Што тады казаць пра большасць беларускай нацыі? Менавіта з грамадзянскай супольнасці выходзяць пасярэднікі, якія пераказваюць гэтыя думкі ўсяму грамадству. Але мы не ведаем, што патлумачыць людзям. Сёння ўжо ўсе ведаюць, што выбары прайграныя. А калі мы не выйдзем ўзмоцненыя, аб’яднаныя пасля парламенцкіх выбараў, то таксама прайграем і прэзідэнцкія”, – зазначыў Уладзімір Мацкевіч.

belsat.eu

Стужка навінаў