Афіцыйная статыстыка: у Горадні ўсяго 8 бяздомнікаў


У Беларусі, паводле статыстыкі, дому не маюць усяго 587 асобаў. Пераважная частка з іх жыве ў Менску і Віцебску. Ці сапраўды ў Беларусі так мала грамадзянаў без даху над галавою?

Паводле вынікаў апошняга перапісу насельніцтва, з 9,5 мільёнаў жыхароў Беларусі бяздомнікамі лічацца ўсяго 587 чалавек: у гарадах – 512 чалавек, а ў сельскай мясцовасці – 75.

На Менск прыпадае 203 бяздомнікі, на Віцебск –160, Гомель – 52, Берасце – 43, на Менскую вобласць – 31, Магілёў – 15, Горадню – 8.

Бяздомнік Мікалай жыве ў Гомлі ўжо дзесяць гадоў. Каля чыгуначнага вакзалу ён просіць грошай у мінакоў. А шостай ранку ён амаль назбіраў Br 10 тыс. – на хлеб. “Колькі, ты кажаш, у Гомлі бяздомнікаў? Пяцьдзясят… Ну лічы, калі ў Гомлі жыве паўмільёна, то бяздомных дзесьці 700 будзе”, – абвяргае статыстычныя звесткі Мікалай.

Дамы начнога прытулку для такой катэгорыі грамадзянаў ёсць толькі ў Горадні ды Менску. У сталічным – 92 месцы, аднак рэальная колькасць кліентаў значна вышэйшая. Дырэктар прытулку паведаміў службе інфармацыі “Белсат”, што ўліку бяздомнікаў яны не вядуць, і адмовіўся ад далейшай размовы. У той жа час медыі публікуюць гадавыя звесткі пра тое, колькі людзей прайшло праз гэтую установу. У сярэднім дзверы прытулку адчыняюць 255 менскіх бяздомнікаў на год. Гэта на 50 чалавек больш за лічбы Белстату.

На меркаванне палітолага Андрэя Ягорава, палічыць людзей без сталага месца жыхарства складана не толькі таму, што з імі цяжка скантактавацца, але і таму, што дзяржава не зацікаўленая ў такіх лічбах. “Улік неабходны, бо гэта сацыяльна небяспечная група насельніцтва: як яна можа быць крыніцаю злачынстваў, так і адносна яе здзяйсняюць супрацьпраўныя дзеянні. Праз перапіс мы не атрымоўваем дакладных звестак. Выяўляць наяўнасць такіх людзей, клапаціцца пра іх мусяць грамадскія арганізацыі або сацыяльныя службы. Аднак у нас няма выразнай сацыяльнай палітыкі, скіраванай на рэінтэграцыю гэтых людзей. Праводзіцца такая палітыка, каб схаваць гэтую з’яву”, – кажа спадар Ягораў.

На думку палітолага, у заходніх краінах можна пабачыць большую колькасць бяздомнікаў, чымся ў Беларусі. Але не трэба верыць сваім вачам: у Беларусі іх выціскаюць з вуліцы, заганяюць у куты і трушчобы.

belsat.eu

Стужка навінаў