Дзяржаўны будаўнік дарог краў грошы і псаваў асфальт


Крымінальную схему крадзяжу бюджэтных грошай дзяржаўным дарогабудаўнічым прадпрыемствам выкрыў КДК. Адно з даччыных прадпрыемстваў “Менскаблдарбуду” паводле фіктыўных дакументаў нібыта набыло 140 тонаў бітуму, якога насамрэч не было.

Прэсавы цэнтр Камітэту дзяржкантролю Менскай вобласці паведамляе, што выкрыў шэраг парушэнняў у працы Дарожна-рамонтнага будаўнічага ўпраўлення № 735. Гэта адно з 20 даччыных прадпрыемстваў “Менскаблдарбуду”, чый заснавальнік – Менаблвыканкам.

У паселішчы Юбілейны, што пад Менскам, кіраўнікі ДРБУ нажываліся на няякасных асфальтавых сумесях і рэалізоўвалі схему адкатаў.

На прадпрыемстве вытворчасць асфальтабетону адбывалася з парушэннем тэхналогіі – працаўнікі недакладалі нафтабітуму. Такім чынам выраблялі няякасныя асфальтавыя сумесі, а зэканомлены нафтабітум нібыта куплялі наноў.

Па змове з камерцыйнымі фірмамі кіраўніцтва ДРБУ нібыта набыло 140 тонаў нафтабітуму. Яго нібыта прывезлі 5 машынаў па 34 тоны кожная. ДРБУ пералічыла на рахункі фірмаў-аднадзёнак 157 мільёнаў бюджэтных грошай, вылучаных на будаўніцтва і рамонт дарог.

КДК падчас праверкі дакументаў высветліў, што ніякага нафтабітуму ніхто не прывозіў, бо фірмы не мелі такога тавару. Таксама выдуманымі былі і бітумавозкі.

Спецыялістка вытворчага аддзелу таварыства “Аўтамагістраль” Людміла тлумачыць, што такое парушэнне тэхналогіі – асноўная прычына хуткага псавання дарог, якое мы бачым у Беларусі: “Бітум выкарыстоўваюць пры вытворчасці асфальтабетонных сумесяў. Калі вы недакладаеце сыравіну, натуральна, якасць асфальтабетону падае. Пры ўмове выканання патрабавання тэхналогіяў нашае прадпрыемства дае гарантыю на дарожнае пакрыццё – 5 гадоў. У адваротным выпадку дарога можа сапсавацца за паўгода – пойдуць яміны, каляіны, прасадкі”.

Амаль 90 % дарог Менскай вобласці патрабуюць рамонту. Амаль 2 тысячы кіламетраў застаюцца ў перадаварыйным стане. Сёлетняя праверка КДК “Менскаблдарбуду” – асноўнага будаўніка дарог у Менскай вобласці – выявіла больш за відаў 40 парушэнняў, у тым ліку крымінальнага характару. Генеральны дырэктар “Менскаблдарбуду” – Валеры Гапановіч. Падчас ягонага кіраўніцтва за крадзяжы асудзілі начальніка даччынага філіялу гэтага будаўнічага прадпрыемства.

belsat.eu

Стужка навінаў