Сяргей Чалы: Беларусь мае адну з найлепшых банкаўскіх сістэмаў


Установа, якая выклікае першачарговае падазрэнне ў адмыванні грошай. Гэта пра беларускі «Крэдэксбанк». Міністэрства фінансаў Злучаных Штатаў Амерыкі цвердзіць, што летась цягам аднаго-двух месяцаў банк перавёў каля мільярду долараў на рахункі соцень замежных кампаніяў, зарэгістраваных у афшорных зонах. Значная частка іх не пазначае сапраўднага атрымальніка плацяжоў, што дазваляе ўхіліцца ад кантролю.

У Патрыятычным акце ЗША фігуруе таксама «Трастбанк». Гэта дае падставы ўвесці санкцыі супраць згаданых крэдытных установаў – забараніць кампаніям праводзіць з імі любыя аперацыі. На чым мацуюцца падазрэнні заакіянскай краіны і хто займаецца адмываннем грошай у Беларусі – банкі ці сістэма?

Фінансавы аналітык Сяргей Чалы кажа, што тэарэтычна, акцыянеры могуць ажыццяўляць буйныя пераводы праз такія “кішэнныя” банкі. Аднак Нацбанк мусіў звярнуць увагу на неадпаведнасць нарматыўнага капіталу банку тым фінансавым аперацыям, якія ён ажыццяўляе.

Паводле Сяргея Чалага, сачыць за адмываннем банкамі грошай даволі складана. Адзінае, што са свайго боку могуць зрабіць Злучаныя Штаты, – гэта стварыць перашкоды для руху сродкаў у выпадку, калі ў фінансавай схеме фігуруюць амерыканскія банкі.

Ці падтрымаюць ініцыятыву ЗША еўрапейскія калегі? Госць “Гарачага каментара” адзначае, што шмат хто лічыць Патрыятычны акт неадназначным дакументам, ён з цяжкасцю прайшоў зацверджанне. Таму еўрапейцы наўрад ці “гатовыя падтрымаць дух гэтага закону”.

Сяргей Чалы кажа, што Беларусь мае адну з найлепшых банкаўскіх сістэмаў у свеце, якую стварыў Станіслаў Багданкевіч. І пакуль банкі выконваюць свае абавязкі перад укладчыкамі, мала каго насамрэч цікавіць палітычны імідж краіны.

belsat.eu

Стужка навінаў