Менскія паркі пускаюць на дровы


Наступны ў чарзе на знішчэнне – сталічны парк імя 50-годдзя Кастрычніка. Улады збіраюцца рэканструяваць стадыён “Трактар”. За сабой гэта традыцыйна пацягне знішчэнне дрэваў.

У Менску 25 паркаў, 126 сквераў і 26 бульвараў. Агулам яны займаюць больш як 2 тысячы гектараў тэрыторыі. І на гэтых плошчах інвестары імкнуцца што-небудзь пабудаваць.

Пагроза частковага знішчэння навісла над Севастопальскім паркам, зялёнымі насаджэннямі ва Уруччы. Супраць будаўніцтва кітайскага гатэлю ў парку 40-годдзя Кастрычіка ідзе судовы працэс, але там ўжо спілавалі 320 дрэваў.

Эколагаў непакоіць і будучыня парка імя 50-годдзя Кастрычніка. Паводле іх інфармацыі, з 2007 года 30,6 гектара парку ў квартале вуліцаў Ванеева і Даўгабродскай выключаныя з тэрыторыі парку і ўлучаныя ў склад грамадскай зоны шматфункцыянальнай забудовы. У 2007 годзе будоўля з нейкіх прычынаў адмянілася.

Інстанцыі, куды звярнулася служба інфармацыі “Белсату”, ані пацвярджаюць, ані зняпраўджваюць інфармацыю. Кіраўніцтва парку перанакіроўвае пытанне ў прадпрыемства “Гарадскія паркі Менскзялёнбуду”. У гэтай структуры таксама баяцца гаварыць пра праект: “Звяртайцеся да ўласніка зямлі – адміністрацыі Заводскага раёну. Усё ж такі рашэнні прымае ўласнік. Мы нічога сказаць не можам”.

У адміністрацыі Заводскага раёну Менску на ўмовах канфідэнцыйнасці паведамілі: “Калісьці быў распрацаваны праект рэканструкцыі стадыёну “Трактар”. У ім быў прадугледжаны шматфункцыйны комплекс. Меркавалася высяканне дрэваў. На сённяшні дзень гэты праект не рэалізуецца. Ніякіх дрэваў там секчы пакуль не будуць”.

Эколаг Валер Дранчук лічыць, што такая сітуацыя складалася з дзвюх прычынаў: менталітэт чыноўнікаў і жаданне зарабіць. “Бізнес хоча мець грошы, яшчэ больш грошай за кошт нашай цішыні, нашай зеляніны. І чыноўнікі аддаюць дрэвы пад нож, пад інвестыцыі кітайскія. Чыноўнікі не нясуць асабістай адказнасці. Яны кажуць, што гэтыя паркі – запушчаныя, і хочуць усё расчысціць і зрабіць сцежкі. Яны не разумеюць, што ў сапраўдным парку не мусіць быць аніякіх аб’ектаў адпачынку, гандлю альбо бізнесу. У сапраўдных парках па абедзе блішчыць раса, там некранутая прырода. Але ў Менску такіх паркаў не засталося”.

На думку спадара Дранчука, праблема хаваецца і ў тым, што Менск не мае галоўнага ландшафтнага архітэктара, і таму ніхто не нясе асабістай адказнасці за прынятыя рашэнні.

belsat.eu

Стужка навінаў