Палітычны крэатыў?


Цацкі на акцыі пратэсту і перформансы з удзелам некалькіх чалавек замест шматлюдных акцыяў. Ці насамрэч гэткі крэатыў больш эфектыўны за традыцыйныя метады, і чаму пайшла мода на палітычны крэатыў у падполлі, службе інфармацыі «Белсату» распавёў палітолаг Юрый Чавусаў:

«Гэта пошук новай прасторы для выяўлення ў дзяржаве, не прыстасаванай для грамадскіх стасункаў. І палітычныя групы шукаюць пляцоўкі, дзе сваю прысутнасць можна засведчыць. Калі закрытыя месцы для правядзення мітынгаў і дэманстрацыяў, то яны шукаюць такія незвычайныя метады».

Дэманстрацыя плюшавых мядзведзікаў на галоўнай плошчы краіны не абрыне дыктатуры. Калі правядзенне дэманстрацыяў і пікетаў пагражае зняволеннем і фізічнымі траўмамі, калі няма месца на плошчы, то апазіцыя сыходзіць ці ў інтэрнэт, ці на слупы для рэкламных абвестак.

Эпідэмія «плюшавых мядзведзяў» прагрэсуе на фоне ўзмацнення ціску сілавікоў. Нядаўна з-пад арышту выйшлі Міхась Пашкевіч і Дзмітрый Дзмітрыеў. Адбываюцца вобшукі кватэр маладафронтаўцаў, суды над імі ды аўтарам плакату «Мусорок» … Што будзе далей?

Палітолаг Юрый Чавусаў не баіцца, што апазіцыя пакіне пасля сябе толькі старую цацку: «Апазіцыя патрэбная гэтаму рэжыму. Бо тады паўстане пытанне: чым займацца ўсім гэтым сілавым структурам? Калі знікне тытульная апазіцыя, палітычным паліцыянтам давядзецца капаць глыбей, шукаць схаваных іншадумцаў у працоўных калектывах. Таму палітычная паліцыя выкарчоўвае апазіцыю, але да пэўнай ступені, не даючы ёй знікнуць зусім».

belsat.eu

Стужка навінаў