Зянон Пазняк: Мы рыхтуемся да прэзідэнцкіх выбараў


Старшыня Кансерватыўна-хрысціянскай партыі “Беларускі Народны Фронт” упэўнены, што ў Беларусі няма апазіцыйнай сілы, якая магла б замяніць рэжым Аляксандра Лукашэнкі.

Зянон Пазняк у праграме “Тыдзень у “Аб’ектыве” згадаў гісторыю з расколам Беларускага Народнага Фронту напрыканцы 1990-х, якую здзейсніў, паводле яго, кіраўнік Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЕ ў Менску Ганс-Георг Вік з дапамогаю расейскіх і еўрапейскіх спецслужбаў. Лідар КХП БНФ адзначае, што менавіта тады ў краіне знішчылі рэальную альтэрнатыву ўладзе Лукашэнкі ды стварылі апазіцыю, згодную працаваць за грошы Захаду, але не здольную супрацьстаяць рэжыму.

Апошні, паводле госця “Тыдня ў “Аб’ектыве”, перажывае глыбокі крызіс, які мусіць скончыцца паразаю. Канкрэтнага тэрміну ён не называе: “Гэта можа адбыцца праз год, праз тры гады, а можа – і заўтра”. А вось пераняць уладу ў Беларусі пакуль няма каму. У такой сітуацыі яна можа дастацца нават крымінальнікам, як гэта ўжо было з бальшавікамі.

Над стварэннем альтэрнатывы Аляксандру Лукашэнку і працуе сёння КХП БНФ. Яна стварае групу падтрымання кандыдата на прэзідэнцтва Рэспублікі Беларусь, якім плануе стаць Зянон Пазняк. “Гэта будзе сіла, якая як толькі рэжым падае, здольная будзе арганізаваць выбары”, – тлумачыць ён.

Гаворачы аб прапанове Уладзіміра Барадача стварыць урад у выгнанні, Зянон Пазняк кажа, што разумее прычыну такіх дзеянняў і называе яго чалавекам, якому можна давяраць. Паводле лідара КХП БНФ, рэч у тым, што сённяшняя апазіцыя не вартая аб’яднання ў вонкавым урадзе: “Калі аб’яднаць дзесяць слабых, яны моцнымі не стануць”.

Зянон Пазняк паведаміў таксама пра аднаўленне дзейнасці ценевага ўраду Беларускага Народнага Фронту, які зможа ў адпаведны момант ўзяць на сябе функцыю арганізацыі ўлады ў Беларусі: “Гэта будуць новыя людзі, патрыёты, якія не засвяціліся ні ў подласці, ні ў прадажнасці”. Як прыклад такога чалавека суразмоўца называе віцебскага актывіста партыі Сяргея Каваленку, які здольны памерці за ідэю, і Пазняк кажа, што такіх у Беларусі шмат.

Лідар КХП БНФ заклікае байкатаваць любыя выбары, арганізаваныя рэжымам. Удзел жа апазіцыі ў выбарах 2010 г. Пазняк называе дапамогаю Лукашэнку застацца прэзідэнтам. А наконт таго, што з удзельнікамі жорстка расправіліся, кажа: “Яны не разумеюць спецыфікі расейскай разведкі. Калі выкарыстоўваюць агентуру, іх ніколі не ўзнагароджваюць, а выкідаюць у сметнік”.

belsat.eu
https://youtu.be/R-n1I15szR4

Глядзі таксама
Каментары