У Віцебску затрымалі жонку Каваленкі і ягонага стрыечнага брата


Раніцай 18 траўня каля будынку абласнога суда ў Віцебску, дзе адновіцца разгляд касацыйнай скаргі Сяргея Каваленкі, затрымалі ягоную жонку Алену Каваленку і стрыечнага брата, а таксама актывістку грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Алену Семенчукову.

Як паведамляе праваабарончы сайт spring96.org, міліцыянты абвінавачваюць затрыманых у тым, што менавіта яны ўтрох гэтаю раніцаю зрабілі на асфальце перад будынкам надпіс «Свабоду Сяргею Каваленку!».

Тым часам, паводле інфармацыі spring96.org, праваабаронца Павел Левінаў звярнуўся ў судовую калегію па крымінальных справах Віцебскага абласнога суда з патрабаваннем вызваліць Сяргея Каваленку. Да пісьмовага патрабавання прыкладзены маніторынг парушэнняў падчас судовага працэсу ў Першамайскім раённым судзе, зроблены віцебскімі праваабаронцамі.

Падаць паперы ў абласны суд удалося з цяжкасцямі, паведаміў Левінаў.

«На 18 траўня прызначаны разгляд касацыйнай скаргі ў справе Каваленкі, але ўжо вечарам 17-га ў будынку была ўзмоцненая міліцэйская ахова. Не выключана, што на працэс зноў «запросяць» працаўнікоў міліцыі, каб яны занялі ўсе месцы. Такое ў віцебскіх судах шырока практыкуецца падчас палітычных працэсаў», – сказаў праваабаронца.

Сяргей Каваленка ўтрымліваецца ў зняволенні з 19 снежня 2011 г. 24 лютага 2012 г. суд Першамайскага раёну Віцебску прызнаў яго вінаватым ва ўхіленні ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі (арт. 415 КК). Размова ідзе пра пакаранне, вынесенае апазіцыянеру ў траўні 2010 г. за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай навагодняй елцы Віцебску, – тры гады пазбаўлення волі ўмоўна. Адразу пасля арышту Каваленка абвесціў галадоўку, якая доўжылася два месяцы з невялікім перапынкам. За гэты час актывіст страціў больш за 40 кг.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары