Памер дапамогі на дзяцей прывяжуць да сярэдняга заробку


Законапраект пра змену механізму разліку дапамогі на дзіця ва ўзросце да трох гадоў разглядае Савет Міністраў. Пра гэта паведаміла намесніца начальніка кіраўніцтва народанасельніцтва, гендэрнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Марына Арцеменка.

Плануецца, што дапамога на першае дзіця складзе да 35 % сярэднемесячнага заробку па краіне, на другое і наступных дзяцей – да 40 %.

Цяпер на дзіця да трох гадоў дзяржава вылучае Br 743 20, на старэйшае за тры гады – Br 371 510. За нараджэнне першынца даюць Br 7 430 000, другога і наступных дзяцей – Br 10 402 000.

Маладая маці Віялета Каладзінская кажа, што калі на дапаможныя грошы набыць падгузкі, на ежу амаль не застаецца. “Адзін вялікі пачак “пампэрсаў” каштуе каля 250 тысячаў, а на месяц майму паўгадоваму сыну патрэбныя амаль два. Пашанцавала, што дзіця можа есці танныя сумесі, але каб на месяц набыць 10–12 пачакаў, таксама трэба больш за 200 тысячаў. Я ўжо не кажу пра пюрэ з садавіны. З жахам уяўляю, што калі сын пачне падрастаць, яму трэба будзе набываць больш адзення і абутак, які па кошце цяпер не надта адрозніваецца ад дарослага”.

Старшыня Асацыяцыі шматдзетных бацькоў Беларусі Таццяна Краўчанка лічыць, што за апошнія гады стан маладых маці палепшыўся. “Зразумела, што колькі грошай не дай, заўсёды знойдзецца, на што іх выдаткаваць, але маладым маці не трэба наракаць на дзяржаву. 20 гадоў таму грошы давалі мізэрныя, цяпер сітуацыя выпраўляецца, а прывязка памеру дапамогі да сярэдняга заробку – яшчэ адзін крок, каб дапамагчы маладым сем’ям. Не трэба ўспрымаць грашовую дапамогу як адзіную крыніцу існавання, бацькі мусяць самі клапаціцца пра дабрабыт сям’і”, – адзначыла старшыня.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары