Лідзія Ярмошына: Выбары хочуць дыскрэдытаваць


Пэўныя палітычныя сілы развязалі кампанію дыскрэдытацыі выбараў, заявіла старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына 17 снежня ў Палацы Рэспублікі на адкрыцці інфармацыйнага цэнтру ЦВК.

“У цэлым выбарчая кампанія ідзе нармальна, – сказала яна. – Усе драмы разгортваюцца не столькі ў рэальнасці, колькі ў інтэрнэце. Ёсць спробы пэўных палітычных сілаў дыскрэдытаваць працу выбарчых камісіяў і выбары”.

Лідзія Ярмошына адзначыла, што “правакацыі” маюць месца на шэрагу ўчасткаў. Паводле старшыні ЦВК, скаргаў паступае няшмат, яны ідэнтычныя і ствараюць уражанне спланаванай акцыі. У прыватнасці, скаргі датычаць спробаў назіральнікаў застацца на ноч на ўчастках для галасавання, каб сачыць за скрынямі.

Шмат якія дэмакратычныя кандыдаты на прэзідэнцтва заяўляюць пра рыхтаванне фальсіфікацыяў на выбарах і заклікаюць грамадзянаў выйсці вечарам 19 снежня на Кастрычніцкую плошчу Менску, каб абараніць свой выбар.

16 снежня Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання Мірскага замку выказаў незадаволенасць працаю назіральнікаў, у тым ліку замежных.

“Мы, разгарнуўшы гэтую дэмакратыю па ўсёй краіне, напэўна, гэтым самым далі нейкі няправільны сігнал усім, хто сёння займаецца выбарамі. То бок рабіце што хочаце, хто што хоча, прыходзьце на ўчасткі, вытварайце што хочаце, каб толькі, крый божа, не падумалі замежнікі перадусім пра тое, што ў нас недэмакратычныя выбары. То бок вось гэты сігнал негатыўны, напэўна, ужо занадта мы ў гэтым плане спрабавалі спадабацца нашым замежным назіральнікам. Вось яно і пайшло”, – заявіў Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што яго найперш здзіўляюць замежныя назіральнікі: “Яны, бачыце, ледзь не гаспадарамі сябе адчулі на гэтых прэзідэнцкіх выбарах. Хоць яны назіральнікі. Яны мусяць назіраць за выбарамі ды рабіць высновы. Гэта не іхная справа – лічыць, падлічваць і г.д. Яны мусяць характарызаваць сам працэс перадвыбарны. Таму я ў гэтай сувязі магу сказаць толькі адно: гаспадар на выбарчым участку адзін – старшыня ўчастковай камісіі”.

“Міліцыі дадзеныя ўказанні падтрымліваць старшыню ўчастковай камісіі. Любыя рашэнні, законныя рашэнні старшыні камісіі неадкладна будуць падтрымлівацца сілавым спосабам, тымі міліцыянерамі, якія там ёсць. Мы не дадзім у крыўду нікога”, – заявіў Лукашэнка.

Belsat.eu

https://youtu.be/D6Cd_tyiAH4

Глядзі таксама
Каментары