Маці ды сястра Кавалёва збіраюць подпісы супраць смяротнага пакарання


https://youtu.be/yTL7LIemwAI
Цяпер Любоў і Таццяна Кавалёвы наведваюць Польшчу. Яны збіраюць подпісы пад петыцыяй аб скасаванні смяротнага пакарання. Сёння яны сустрэліся з польскімі журналістамі. “Пры жыцці хлапцоў таксама быў арганізаваны збор подпісаў, каб не прыводзілі выраку ў выкананне, але Лукашэнка, на жаль, усё гэта праігнараваў. Мы спрабуем цяпер падняць грамадскасць за скасаванне смяротнага пакарання”, – гаворыць Любоў Кавалёва, маці расстралянага Уладзіслава Кавалёва.

Сваякі Кавалёва хочуць таксама дамагчыся выдачы цела расстралянага або ўказання на месца ягонага пахавання. На пытанне аднаго з журналістаў, ці не баяцца родныя пакаранага помсты ўладаў, Любоў Кавалёва падкрэсліла, што “не робіць нічога кепскага”. “Я толькі хачу захаваць добрую памяць пра майго сына, я не спрабую ніякім чынам абразіць прэзідэнта, і лічу, што з ягонага боку не мае быць нейкіх рэзкіх рухаў у мой бок”, – дадала жанчына.

Уладзіслаў Кавалёў і галоўны падазраваны ў справе аб тэракце ў менскім метро Дзмітрый Канавалаў былі прыгавораныя да найвышэйшай кары Вярхоўным Судом Беларусі 30 лістапада 2011 г. Кавалёў сваёй віны не прызнаў і звярнуўся па памілаванне да Лукашэнкі, які ў памілаванні адмовіў. У сярэдзіне сакавіка смяротныя прысуды былі выкананыя – нягледзячы на тое, што скарга Кавалёва на прысуд была зарэгістраваная ў Камітэце правоў чалавека ААН, а наглядная скарга не разглядалася Вярхоўным Судом.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары