На Фестывалі еўракіно пакажуць уцёкі ад беларускага размеркавання


11 траўня ў менскім кінатэатры “Перамога” адкрываецца Фестываль еўрапейскага кіно. На ўрачыстай цырымоніі з прамоваю выступяць кіраўніца прадстаўніцтва Еўразвязу ў Беларусі Майра Муора, а таксама прадстаўнік дэпартаменту кінематаграфіі Міністэрства культуры Беларусі.

3 11 да 17 траўня пакажуць 15 стужак, абраных у амбасадах еўрапейскіх краінаў адмыслова для беларускага гледача. Ад кожнай амбасады – фільм. Агульнаю тэмаю бальшыні стужак стала тэма гораду, настрой гораду.

Як паведамляюць службе інфармацыі “Белсату” ў прадстаўніцтве Еўразвязу ў Беларусі, адмыслова для фестывалю пасольствы атрымліваюць аўтарскія правы на паказ і робяць субтытры, каб гледачы маглі глядзець кіно на мове арыгіналу. Некаторыя фільмы будуць з дубляваным перакладам.

Наведванне фестывалю вольнае. Гледачам трэба толькі ўзяць у касах кінатэатру бясплатны квіток. Азнаёміцца з праграмаю можна тут.

У апошні фестывальны дзень пакажуць беларускую стужку “На раздарожжы” – пра жыццё сучаснай моладзі. Сталічная прыгажуня не хоча працаваць паводле размеркавання і збягае на два гады за мяжу, што радыкальна мяняе ейны погляд на свет і сябе.

Фестываль еўрапейскага кіно праходзіць у Менску трэці раз. Ён прымеркаваны да Дня Еўропы, што адзначаецца 9 траўня. У гэты дзень у 1950 г. была прэзентаваная дэкларацыя Шумана, якую лічаць дакументальным пачаткам стварэння Еўразвязу.

belsat.eu

Стужка навінаў