«Парыж за Алеся Бяляцкага!»


Пад такою назваю ў французскай сталіцы пройдзе акцыя салідарнасці з беларускім праваабаронцам, паведамляе сайт мэрыі Парыжу.

На будынку мэрыі вывесяць вялікі партрэт беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, віцэ-старшыні Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (МФП). На мітынгу ў падтрыманне Бяляцкага выступяць прадстаўнік мэра Парыжу ў міжнародных пытаннях П’ер Шапіра, старшыня Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Сухайр Бэльхасэн, а таксама чальцы кіраўніцтва МФП, якія ў гэты дзень прыедуць з розных краінаў у Парыж, дзе размешчаны міжнародны сакратарыят гэтай арганізацыі.

Звычайна мэрыя Парыжу вывешвае партрэты французскіх грамадзянаў, якія апынуліся закладнікамі ў іншых краінах, адзначае праваабарончы сайт www.spring96.org.

Алеся Бяляцкага арыштавалі летась у жніўні і дагэтуль утрымліваюць пад вартаю. Летась у лістападзе суд Першамайскага раёну Менску прызнаў яго вінаватым ва ўтойванні прыбыткаў у асабліва буйным памеры і прыгаварыў да 4,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Падставаю для крымінальнага пераследу праваабаронцы сталася наяўнасць у яго замежных рахункаў у банках Літвы і Польшчы. Грошы на гэтых рахунках выкарыстоўваліся для праваабарончай дзейнасці. Адкрыць рахункі ў Беларусі не ўяўлялася магчымым, бо праваабарончы цэнтр «Вясна», які ўзначальвае Бяляцкі, працуе нелегальна – улады неаднаразова адмаўляліся яго зарэгістраваць. Сваёй віны асуджаны не прызнаў.

Цяпер Алесь Бяляцкі адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі № 2 у Бабруйску, куды яго этапавалі напрыканцы лютага.

belsat.eu

Стужка навінаў