Нараўлянскіх дзяцей лекуюць заезджыя педыятры


У пацярпелым ад Чарнобылю горадзе на 1600 дзяцей няма ніводнага педыятра. Дактары з вобласці працуюць у Нароўлі вахтавым метадам: два тыдні вядуць прыём, а потым з’язджаюць.

Сітуацыя, што склалася ў Нароўлі, раённым цэнтры Гомельскай вобласці, доўжыцца амаль паўгода. Прыезджы педыятр абслугоўвае малое насельніцтва Нароўлі на працягу двух тыдняў, а потым замяняецца на новага. Сюды едуць працаваць дактары з Гомлю, Мазыра ды іншых гарадоў вобласці.

Выпраўляць абласных педыятраў у нараўлянскую камандзіроўку мясцовае медычнае кіраўніцтва вырашыла пасля таго, як адзіны гарадскі педыятр сышла ў дэкрэтны адпачынак. Гэтая доктарка абслугоўвала два ўчасткі з малымі пацыентамі.

Знайсці кадры на вакантнае месца дзіцячага доктара ў горадзе, што асабліва моцна пацярпеў ад наступстваў катастрофы на ЧАЭС, не атрымалася. Часткова праблему вырашае мясцовы тэрапеўт – дзве гадзіны свайго прыёму ён прысвячае дзецям. Астатнюю працу выконвае запрошаны доктар.

“Ад такога метаду арганізацыі працы церпяць перадусім малыя пацыенты. Немагчыма ў такім рэжыме весці дыспансерызацыю ды лячыць хранічныя захворванні. А неабходнасць у гэтым ёсць, бо праз экалогію дзеці тут больш хваравітыя, са слабейшым імунітэтам”, – распавядае адзін з педыятраў, што адпрацаваў у Нароўлі.

Умовы працы на гэтым месцы нармальныя і заробкі прымальныя, але адмыслоўцаў спыняе кепская экалагічная сітуацыя ў горадзе, тлумачыць доктар. На ягонае меркаванне, праблема з недахопам дактароў можа выправіцца, калі сюды прышлюць паводле размеркавання чарговага маладога спецыяліста, які не будзе мець права адмовіцца.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары