Беларускія сілавікі зноў знайшлі экстрэмістаў


Сталічная міліцыя затрымала групу егіпцянаў, якія накіроўваліся ў Еўропу з “экстрэмісцкімі намерамі”.

У Менскім гарадскім упраўленні ўнутраных справаў карэспандэнту “Интерфакс-Запад” паведамілі: “У выніку праведзенага агляду затрыманых ды іхнай ручной паклажы ў аператыўнікаў з’явіліся сумневы ў тым, што гэтыя грамадзяне кіруюцца ў сваім падарожжы прыязнымі мэтамі. Адзін з іх меў відавочныя сляды ад нядаўняга агнястрэльнага ранення”, – адзначылі ў ГУУС. Што канкрэтна знайшлі аператыўнікі, не паведамляецца.

Паводле апошніх, затрыманыя распавялі, што нелегальна прыехалі ў Беларусь, каб потым перабрацца ў Еўразвяз і ўдзельнічаць “у падпольным руху супраціву”, скіраваным на падрыванне грамадска-палітычнага ладу еўрапейскіх дзяржаваў.

У сталічнай міліцыі зазначылі, што егіпцяне ехалі праз Беларусь, бо краіна ў адказ на санкцыі Еўразвязу паслабіла памежны кантроль. І не забыліся папярэдзіць, што апошнім часам адзначаюць “усплёск нелегальных міграцыйных працэсаў”.

З 12 красавіка гэта ўжо чацвёртае паведамленне сілавікоў, звязанае з пагрозаю тэрарызму. Серыю распачало затрыманне 12 красавіка на беларуска-польскай чачэнскіх баевікоў. Ужо 19 красавіка КДБ прасігналізавала пра выбух, які нібыта здарыўся ў гомельскай краме “Вёсны”. Менш чым праз тыдзень – 25 красавіка – у Кобрыне ад выбуху гранаты загінулі бацька і сын. Адна з версіяў – тэрарыстычны след, які вядзе на Паўночны Каўказ.

belsat.eu

Стужка навінаў