На ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах прэтэндуюць 11 чалавек


Канчатковае рашэнне, ці рэгістравацца кандыдатам на выбарах прэзідэнта Беларусі, не прыняў яшчэ Аляксандр Мілінкевіч.

Сяргей Гайдукевіч, старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі, заяўляе, што ягоныя людзі гатовыя пачаць збор подпісаў хоць заўтра. Ён двойчы ўдзельнічаў у выбарах: у 2001 і 2006 гадах. 56 гадоў. Нарадзіўся ў Менску. Жанаты, мае двух сыноў.

Юрый Глушакоў, першы намеснік старшыні Беларускай партыі «Зялёныя», мае намер змагацца за перамогу . 44 гады. Нарадзіўся ў Гомлі. Быўшы ўдаўцом, ажаніўся другі раз. Мае дачку.

Рыгор Кастусёў, прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта ад Партыі БНФ, задаволены працаю свайго штабу ў рыхтаванні да выбарчай кампаніі. 53 гады. Нарадзіўся ў вёсцы Цяхцін (Бялыніцкі раён, Магілёўская вобласць). Жанаты, мае траіх дзяцей.

Аляксандр Мілінкевіч, лідэр руху «За Свабоду», пакуль не вызначыўся з удзелам у прэзідэнцкай кампаніі–2010. На мінулых выбарах быў адзіным кандыдатам ад апазіцыі. Паводле афіцыйных звестак, набраў 6% галасоў, па выніках незалежных апытанняў – 18%. 63 гады. Нарадзіўся ў Горадні. Жанаты другі раз, мае двух сыноў.

Алесь Міхалевіч, старшыня саюзу «За мадэрнізацыю», пачатак сваёй кампаніі ў вылучэнні незалежным кандыдатам на пост прэзідэнта абвесціў яшчэ ў студзені. 35 гадоў. Нарадзіўся ў Менску. Жанаты, мае дзвюх дачок.

Аляксандр Лукашэнка, прэзідэнт Беларусі, пакуль не адмаўляўся ад удзелу ў выбарах. Кіруе краінаю 16 гадоў (тры тэрміны запар). 56 гадоў. Нарадзіўся ў Копысі (Аршанскі раён). Мае трох сыноў. З жонкаю Галінаю жыве асобна, хоць і не разведзены.

Уладзімір Някляеў, паэт, лідар грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду», пра свой удзел у прэзідэнцкіх выбарах заявіў у эфіры радыёстанцыі «Эхо Москвы». 64 гады. Нарадзіўся ў Смаргоні. Жанаты другі раз, мае дзвюх дачок.

Яраслаў Раманчук, эканаміст, намеснік старшыні Аб’яданай грамадзянскай партыі, пойдзе на выбары з ліберальнаю праграмаю «Мільён новых працоўных месцаў». 44 гады. Нарадзіўся ў паселішчы Сапоцкін (Гарадзенскі раён). Нежанаты.

Віталь Рымашэўскі, сустаршыня партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” свой удзел у выбарах пацвердзіў 12 верасня. У выпадку нерэгістрацыі кандыдатам будзе заклікаць да байкоту. 35 гадоў. Нарадзіўся ў Бабруйску. Жанаты, мае дачку.

Андрэй Саннікаў, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», таксама пацвердзіў свой намер ісці на выбары. 56 гадоў. Нарадзіўся ў Менску. Жанаты, мае двух сыноў.

Віктар Цярэшчанка, эканаміст, старшыня рады Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, будзе вылучацца кандыдатам на пасаду кіраўніка дзяржавы трэці раз. Упершыню ён збіраўся ўдзельнічаць у выбарах у 1994 г., але, не набраўшы патрэбнай колькасці подпісаў, стаў даверанай асобай Аляксандра Лукашэнкі. У 2001 г. Цэнтрвыбаркам не зарэгістраваў яго кандыдатам, прызнаўшы несапраўднымі больш за палову сабраных подпісаў. 60 гадоў. Нарадзіўся ў вёсцы Дуброўка (Краснапольскі раён, Магілёўская вобласць). Жанаты, мае дзвюх дачок.

belsat.eu
14.09.2010
Фота bymedia.net

Глядзі таксама
Каментары