У Грузіі пачынае працу апазіцыйны тэлеканал


Грузінскі мільярдэр Бідзына Іванішвілі, што выйшаў на палітычную сцэну, каб супрацьстаяць дзейнаму прэзідэнту Міхэілу Саакашвілі, запусціў новы спадарожнікавы тэлеканал. «Channel 9» пачаў тэставую трансляцыю, якая будзе працягвацца да пачатку восені. У праграме тэлеканалу ёсць выданні навінаў і палітычныя ток-шоў.

Міжнародныя аналітыкі, у тым ліку з аўтарытэтнай арганізацыі «Freedom House», неаднаразова крытыкавалі ўрад Саакашвілі за падаўленне свабоды слова ў краіне. Паводле назіральнікаў, становішча грузінскіх медыяў адлюстроўвае палярызацыю ў грамадстве Грузіі.

Дырэктар «Channel 9» Каха Бэкауры гаворыць, што новая тэлекампанія была створаная дзеля таго, каб адкрыць для журналістаў поле для працы па-за кантролем з боку палітычных партыяў. Ён запэўнівае, што палітыкі не будуць мець уплыву на журналістаў, нягледзячы на тое, што канал фінансуецца за кошт Бідзыны Іванішвілі.

«Ён [Бідзына Іванішвілі] сам задае пытанне: навошта мне трэба запускаць чарговую прапагандысцкую тэлевізійную станцыю, калі кожны, усё грузінскае грамадства, патрабуе адказаў на тыя пытанні, што іх хвалююць. Людзям патрэбныя журналісты, якія не будуць падпарадкоўвацца ўладзе і палітычным партыям, і каб стандарты іх працы былі на высокім узроўні. Бо галоўнае – казаць праўду», – падкрэсліў Бэкауры.

Багацце Бідзыны Іванішвілі ацэньваецца на $ 6,4 млрд. Ён заснаваў у 1990 г. банк «Российский кредит» і да нядаўняга часу меў інтарэсы, звязаныя з нерухомасцю ў Маскве. Аднак алігарх заявіў, што прадаў усе свае замежныя актывы, каб засяродзіцца на палітыцы, і заснаваў палітычную партыю «Грузінская мара – дэмакратычная Грузія».

Паводле аналітыкаў, Іванішвілі ўяўляе з сябе сур’ёзную пагрозу для ўлады Саакашвілі – перадусім дзякуючы вялікім фінансавым рэсурсам і мінуламу, не звязанаму з палітычнымі махінацыямі. Акрамя таго, алігарх карыстаецца папулярнасцю дзякуючы шырокай дабрачыннай дзейнасці ў Грузіі.

У свой час улады Грузіі назвалі Іванішвілі «марыянеткаю Крамля» і пазбавілі яго грамадзянства краіны – адпаведны ўказ прэзідэнт Саакашвілі падпісаў у 2004 г. У мінулым месяцы ўлады абвесцілі, што парламент Грузіі рыхтуе канстытуцыйныя змены, якія дазволяць Іванішвілі, уладальніку пашпарта краіны ЕЗ, браць удзел у выбарах.

belsat.eu

Стужка навінаў