Апытанне: Чаму ў Беларусь не ездзяць прэзідэнты?


Міліцыі баяцца, мяркуе рэспандэнтка, якую журналісты “Белсату” распыталі, чаму да нас не прыязджаюць кіраўнікі іншых краінаў і што можна зрабіць, каб змяніць гэта.

Прычыны ўдзельнікі апытання называлі розныя, а вось адносна таго, як паправіць сітуацыю, амаль адзінагалосна адказваюць: “Змяніць уладу”.

“Няма перспектываў, думаю, развіцця краіны, – разважае малады чалавек аб прычынах ігнаравання нашай краіны. – [Трэба] прыцягваць інвестараў, развіваць прадпрыемствы, рэканструяваць”.

“Нездарма жартуюць, што мы – апошняя манархія на тэрыторыі нашай бліжэйшай, – дзяўчына ніяк не магла прыгадаць выраз “апошняя дыктатура Еўропы”. І пажадала новай улады і больш дэмакратыі.

“У нас у краіне – здагадайцеся, што? Дыктатура. А больш – нічога”, – наступны апытаны хутчэй зарыентаваўся ў эпітэтах.

Старэйшы спадар у адсутнасці візітаў бачыць “інтрыгі імперыялізму”: “Няхай спачатку на сябе паглядзяць, якая ў іх дэмакратыя”.

Яшчэ адзін рэспандэнт лічыць, што прэзідэнты перасталі ездзіць у Беларусь з-за наступстваў пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў. “Баяцца, што міліцыя будзе ўвесь час усіх забіраць”, – прапанавала сваю версію дзяўчына.

belsat.eu

Стужка навінаў