Севярынца не выпусцяць датэрмінова, бо не раскаяўся


Аднаму з фігурантаў крымінальнай справы аб масавых беспарадках 19 снежня 2010 г., сустаршыні аргкамітэту для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Паўлу Севярынцу адмовілі ва ўмоўна-датэрміновым вызваленні. Такое рашэнне прыняло 26 красавіка кіраўніцтва спецкамендатуры № 7 у вёсцы Куплін Пружанскага раёну Берасцейскай вобласці, дзе адбывае пакаранне асуджаны апазіцыянер.

«Учора прайшла атэстацыя, падчас якой вырашалася, хто можа быць умоўна-датэрмінова вызвалены, – паведаміў Севярынец. – Зачыталі маю характарыстыку – яна была станоўчая. Аднак з-за таго, што я не прызнаў сваёй віны і не раскаяўся, ва ўмоўна-датэрміновым вызваленні мне адмовілі».

Летась 16 траўня Севярынца, які падчас выбараў 2010 г. кіраваў выбарчым штабам кандыдата на прэзідэнта Віталя Рымашэўскага, суд Заводскага раёну Менску прыгаварыў да трох гадоў абмежавання волі на падставе ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»).

19 красавіка закончылася палова тэрміну пакарання палітыка, у звязку з чым яго маглі вызваліць умоўна-датэрмінова. Паводле Севярынца, працаўнікі спецкамендатуры характарызавалі яго як чалавека, што стаў на шлях «цвёрдага-цвёрдага і вельмі цвёрдага выпраўлення».

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары