Чарнобыль пад грыфам «сакрэтна»?


Інфармацыя пра наступствы Чарнобыльскай аварыі застаецца закрытаю для беларускай грамадскасці. Да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі адкрытай дыскусіі «Наступствы Чарнобылю і Фукусімы. Экалогія АЭС», што адбылася ў Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёганэса Раў і была прымеркаваная да 26-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Удзельнікамі сустрэчы былі прадстаўнікі грамадскасці, эксперты і навукоўцы, якія вывучаюць праблемы, звязаныя з наступствамі Чарнобыльскай катастрофы. Шмат хто з іх указаў на востры дэфіцыт звестак, што тычацца наступстваў аварыі на ЧАЭС для здароўя людзей і экалагічнай сітуацыі.

Гэткую занепакоенасць выказаў чалец-карэспандэнт Расейскай акадэміі навук (РАН) Аляксей Яблакаў: адпаведных афіцыйных звестак няма з 2006 г. «Аналагічная сітуацыя назіраецца ў Расеі ды тых краінах, якія развіваюць атамную індустрыю і прапагандуюць, са згоды МАГАТЭ, пункт гледжання, што гэтыя наступствы ўжо пераадоленыя», – зазначыў расейскі вучоны.

На ягоную думку, сучасную інфармацыю, якая тычыцца наступстваў аварыі для экалогіі ды здароўя людзей, можна атрымаць ад еўрапейскіх калегаў, а таксама ад даследнікаў з Украіны, дзе дэмакратыі «крыху больш». Між тым, вынікі такіх даследаванняў гавораць пра тое, што ўплыў наступстваў аварыі на ЧАЭС на здароўе людзей на закранутых тэрыторыях не толькі застаецца і будзе заставацца вельмі адчувальным, падкрэсліў Яблакаў. «Мы яшчэ далёкія ад піку анкалагічных захворванняў, выкліканых Чарнобылем. І гэтыя захворванні будуць узрастаць», – заявіў навуковец РАН.

На думку нямецкага навукоўца Альфрэда Кобляйна, які вывучае ўплыў атамных электрастанцыяў на здароўе чалавека, у Беларусі ва ўмовах дэфіцыту інфармацыі пра наступствы аварыі на ЧАЭС можна для параўнання і абагульненых прагнозаў выкарыстаць звесткі ўкраінскіх калегаў, атрыманыя ў падобнай сітуацыі.

Апошнія беларускія звесткі, на якія абапіраўся вучоны ў сваім даследаванні, датаваныя 1987–1997 гг. Вынікі гэтага даследавання паказваюць рост захворванняў, звязаных з чарнобыльскімі цэзіем і стронцыем, якія беларускія вучоныя не могуць растлумачыць. На думку Кобляйна, афіцыйныя інстытуты, што займаюцца ацэнкаю радыяцыйных рызыкаў, усё яшчэ недаацэньваюць уплыў такіх аварыяў на здароўе людзей.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары