«Белсат» пачаў тэставую трансляцыю праз інтэрнэт


Тэлеканал «Белсат» 16 красавіка пачаў тэставую трансляцыю праз інтэрнэт. Штодня акрамя суботы і нядзелі з 19:00 да 22:00 глядзіце праграмы першага незалежнага тэлеканалу на сайце www.belsat.eu.

Для прагляду трэба заінсталяваць плагін «Silver Light». Прапанова заінсталяваць яго з’явіцца аўтаматычна пасля адкрыцця акенца прагляду. У акенцы прагляду можна выбраць хуткасць 420, 750 ці 1920 кб/сек. Часова, у тэставым рэжыме, акенца прагляду он-лайн будзе размяшчацца на месцы акенца «Аб’ектыву». Пасля завяршэння он-лайн трансляцыі замест яе будзе з’яўляцца акенца прагляду інфармацыйнай праграмы «Аб’ектыў».

Пра некалькі тыдняў пачне працаваць новы, яшчэ больш функцыянальны сайт «Белсату». У яго структуры будзе асобнае месца для акенца прагляду он-лайн.

Сяргей Пеляса, рэдактар праграмнага сакратарыяту каналу, распавядае: «Белсат» вядзе трансляцыю праз інтэрнэт у найлепшы эфірны час, калі тэлевізійная аўдыторыя максімальная. З 19:00 да 22:00 на «Белсаце» ідуць найлепшыя праграмы ўласнай вытворчасці. Інфармацыйныя праграмы мы паказваем штогадзіны. Час паміж імі запоўнены палітычнымі, эканамічнымі, культурнымі праектамі, а таксама беларускай і замежнаю дакументалістыкай ды праграмамі для дзяцей».

У панядзелкі пасля «Аб’ектыву» а 21:25 – культурныя часопісы «Рэмарка» і «Прыватная калекцыя».

У аўторкі – эканамічныя праграмы «Сальда» і «Асабісты капітал».

У серады – час на рэпартаж з цыклу «Без рэтушы».

У чацверы на «Белсаце» – часопіс «Рэпартэр» папераменна з праграмаю «Маю права», а таксама ток-шоу «Форум». Таксама ў чацвяргі а 20:45 – заўсёды прэм’ерная серыя «Гісторыі пад знакам Пагоні».

У пятніцы мы рэкамендуем дакументальныя фільмы з цыклу «Невядомая Беларусь», якія найлепшыя беларускія дакументалісты здымаюць у супрацы з «Белсатам». А таксама – міжнародны часопіс «ПраСвет» (а 20:35).

Час он-лайн трансляцыі абмежаваны ў звязку з тым, што да 19:00 і пасля 22:00 «Белсат» паказвае некаторыя праграмы і фільмы, на якія не распаўсюджваецца права трансляцыі ў інтэрнэце.

Мы спадзяемся, што якасць он-лайн трансляцыі задаволіць нашых гледачоў, але калі ўзнікнуць складанасці з праглядам, просім паведаміць пра гэта па адрасе info@belsat.eu або пакінуць каментар на сайце.

У паведамленні просім падаць дэталі: краіну прагляду, тып аператыўнай сістэмы, хуткасць інтэрнэту ды іншую тэхнічную інфармацыю.

Чакаем вашых заўвагаў і пытанняў наконт он-лайн трансляцыі ды зычым прыемнага прагляду!

Стужка навінаў