Выжылы на Утэі: Апошні раз бачыў Брэйвіка, калі той забіваў маіх сяброў


Сёння ў Осла распачынаецца працэс у справе Андэрса Брэйвіка. Пракуроры цягам дня будуць зачытваць абвінавачанне з апісаннем дзеянняў падсуднага, таксама сёння Брэйвік мусіць адказаць суду, ці лічыць сябе вінаватым у здзейсненым.

33-гадовы Андэрс Брэйвік прызнаўся ў тым, што арганізаваў выбух у цэнтры нарвежскай сталіцы, у выніку чаго загінулі восем чалавек, ды ў страляніне на выспе Утэя, дзе месціўся моладзевы лагер. Там ён за адну гадзіну расстраляў 69 чалавек, пераважна маладых хлопцаў і дзяўчат.

На судовым працэсе будуць прысутнічаць сваякі загінулых ды нешматлікія маладзёны, якім удалося выратавацца падчас нападу Брэйвіка на лагер. “Я трохі занепакоены, я не бачыў Брэйвіка раней, бо не быў на папярэдніх пасяджэннях суда, але думаю, што ўсё будзе добра. Апошні раз я бачыў ягоны твар, калі ён страляў ды забіваў маіх сяброў. Гэта цяжка, але я мушу прайсці праз гэта”, – гаворыць Вэгард Грэслі Вэнэслянд, адзін з маладзёнаў, якому удалося ўцякчы з Утэі.

Паводле нарвежскіх законаў Брэйвіку пагражае 21 год зняволення. Згодна з апошняю псіхіятрычнаю экспертызаю тэрарыст ёсць псіхічна здаровым і адказвае за свае дзеянні, хоць падчас папярэдняй экспертызы яго прызналі псіхічна хворым. Суд мае азнаёміцца з вынікамі абодвух даследаванняў.

“Сёння пачынаецца суд, і гэта будзе вельмі цяжкі момант для шмат каго. Але таксама і вельмі важны момант. Сёння ў судзе мы пачуем усе дэталі таго, што адбылося, матывы таго нападу 22 ліпеня. Гэта таксама важна, каб пабачыць, што сістэма правасуддзя працуе”, – гаворыць Вэгард Грэслі Вэнэслянд.

belsat.eu
https://youtu.be/-bcU3kuovX4

Глядзі таксама
Каментары