Фільм «Белсату» да ўгодкаў выбуху 11 красавіка паказалі ў Менску


Фільм-расследаванне «Страх у краіне спакою», зняты да гадавіны тэракту ў менскім метро, прэзентавалі ў сталіцы 10 красавіка, напярэдадні прэм’еры на «Белсаце».

У паказе ўдзельнічалі беларускія і замежныя журналісты, праваабаронцы Гары Паганяйла і Людміла Гразнова, пацярпелая ад выбуху Інэса Крутая і Любоў Кавалёва, маці аднаго з расстраляных паводле выраку Вярхоўнага суда ў справе тэракту.

Пасля прагляду стужкі Любоў Кавалёва заявіла, што гэты фільм варта было б прадэманстраваць на дзяржаўных тэлеканалах – дзеля праўды: «Каб паказаць, што абвінавачанне так і не змагло даказаць віны Канавалава і Кавалёва». Хаця і так «вялікая колькасць людзей не верыць у афіцыйную версію ўладаў, не верыць у вінаватасць Канавалава і майго сына».

Любоў Кавалёва перакананая, што такія фільмы патрэбныя, нават цяпер, калі Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава ўжо не вернеш.

«Калі-небудзь мы даведаемся ўсю праўду пра тэракт у менскім метро», – кажа жанчына са слязьмі на вачах.

«Надта шмат пытанняў да падзеяў 11 красавіка 2011 года, надта шмат несупадзенняў. Паводзіны ўладаў даказваюць, што сэнс у гэтым выбуху для іх быў. На судзе мне не паказалі ніводнага доказу вінаватасці хлопцаў», – заявіла журналістам Інэса Крутая, пацярпелая ад выбуху.

Уладзімір Захматаў, доктар тэхнічных навук, выбітны спецыяліст у галіне выбухаў, наступным чынам каментуе ў фільме аператыўныя здымкі, на якіх Канавалаў паказвае, як збіраў бомбу: «Гэта хутчэй расповед школьніка-троечніка, які спрабуе адказаць настаўніку дрэнна вывучаны ўрок».

«Такая сістэма», – робіць ў стужцы выснову Яраслаў Пясецкі, які ў выніку выбуху страціў абедзве нагі і якога нават такая бяда не змусіла паверыць у справядлівасць суда над двума віцебскімі хлопцамі прыкладна ягонага веку.

На жаль, на прэсавым паказе фільму не здолела прысутнічаць рэжысёрка Кацярына Бортнік. Ейны расповед пра здымкі і пра тое, што засталося за кадрам, можна пачытаць тут.

Глядзі таксама
Каментары