Расейскія праваабаронцы заступяцца за беларускіх невыязных


Чальцы Рады правоў чалавека пры прэзідэнту Расеі маюць намер накіраваць афіцыйны запыт у расейскія міграцыйныя службы ў справе чорнага спісу ўладаў. Пра гэта паведаміў расейскі праваабаронца Валянцін Гэфтэр.

“Нашая Рада ці, прынамсі, частка чальцоў нашай Рады абавязкова бліжэйшым часам разгледзіць гэтае пытанне. І мы хочам зірнуць на гэта з двух бакоў: увогуле ацаніць сітуацыю, а па-другое – зрабіць запыт у нашыя органы федэральнай міграцыйнай службы, ці будуць абмежаванні ў выездзе з краіны гэтым асобам”, – заявіў Валянцін Гэфтэр.

Чорны спіс асобаў, якім з палітычных прычынаў забаронены выезд за межы Беларусі, паводле неафіцыйнай інфармацыі можа налічваць да 100 асобаў. Гэта апазіцыйныя палітыкі, праваабаронцы, грамадскія актывісты ды журналісты. Некаторыя з іх спрабуюць абысці забарону, выязджаючы ў іншыя краіны праз Расею.

Кіраўнік памежнай службы Расеі Уладзімір Пронічаў 6 красавіка ў Горадні, адказваючы на пытанні журналістаў, заявіў, што калі будзе даручэнне затрымаць якую-небудзь асобу, якой выезд з Беларусі абмежаваны, гэта выканаюць.

Валянцін Гэфтэр падкрэслівае, што дзяржава мае магчымасці абмяжоўваць выезд сваіх грамадзянаў за межы краіны. “Але варта паглядзець і на тое, як захоўваецца гэтая працэдура. Шмат хто з людзей, якія нібыта ўваходзяць у нейкія спісы, загадзя не былі папярэджаныя пра гэта, яны не маюць магчымасці гэта аспрэчыць, і, самае галоўнае, высветлілася, што шмат якія прававыя прэтэнзіі да гэтых грамадзянаў абсалютна не пацверджаныя, – зазначае праваабаронца. – Атрымліваецца, што гэта, мякка кажучы, памылка, а сур’ёзна кажучы – мэтанакіраваная кампанія супраць вялікай групы асобаў, якіх не выпускаюць з палітычных матываў”.

Ад пачатку сакавіка адмову ў выездзе за мяжу атрымалі апазіцыйныя палітыкі Анатоль Лябедзька, Віктар Карняенка, Сяргей Калякін, Валерый Ухналёў, Вінцук Вячорка, Леў Марголін і Станіслаў Шушкевіч, праваабаронцы Валянцін Стэфановіч, Алег Гулак, Гары Паганяйла, Алег Волчак і Андрэй Бандарэнка, журналісты Жанна Літвіна, Міхаіл Янчук і Андрэй Дынько.

belsat.eu

Стужка навінаў