Акцыі заводу ігрыстых вінаў прададуць: Br 170 000 за штуку


Дырэктар прадпрыемства абяцае дывідэнды штомесяц. Набыць можна не больш за тысячу акцыяў.
Акцыі “Менскага заводу ігрыстых вінаў” будуць прадаваць з 2 траўня да 15 чэрвеня ў межах “народнага IPO” – першаснага размяшчэння акцыяў дзеля адкрытага продажу фізічным і юрыдычным асобам. Пра гэта паведаміў генеральны дырэктар ААТ “Менскі завод ігрыстых вінаў” Леанід Краўчук 6 красавіка на прэзентацыі для медыяў і адмыслоўцаў рынку каштоўных папераў праспекту эмісіі акцыяў.
Пакуль што 100 % акцыяў належаць дзяржаве. Прадпрыемства праводзіць дадатковую эмісію акцыяў у памеры каля 25 % статутнага фонду (240 000 штук) і спадзяецца прыцягнуць каля Br 41 млрд.
Простыя акцыі будуць прадаваць фізічным і юрыдычным асобам (рэзідэнтам Беларусі) – Br 171 450 за штуку, але не больш за адну тысячу “ў адныя рукі”.
На пытанне, што дасць патэнцыйным акцыянерам набыццё акцыяў прадпрыемства, дырэктар заводу Леанід Краўчук адказаў: “Па-першае, яны стануць ўласнікамі пэўнай часткі нашай маёмасці – думаю, гэта паўплывае нават на псіхалогію людзей. Па-другое, кошт гэтых акцыяў пацверджаны коштам нашых актываў – такім чынам, гэта гарантаванае захаванне грашовых сродкаў. І, па-трэцяе, завод працуе досыць прыбыткова, будзем выплачваць дывідэнды на кожную акцыю. А мы прыцягнем грошы насельніцтва, з нашага гаспадарчага абарачэння яны пойдуць на мадэрнізацыю вытворчасці, паляпшэнне якасці прадукцыі, урэшце – на павелічэнне прыбытку і тыя ж дывідэнды”.
На пытанне, чаму менавіта завод пеністых вінаў быў абраны ў якасці пілотнага праекту “народнага IPO”, Краўчук пажартаваў: “Бо гэта новая з’ява для нашай краіны – а кожная новая справа, напэўна, пачынаецца з шампанскага”.
belsat.eu

https://youtu.be/Bf_w2iSqytE

Глядзі таксама
Каментары