Лукашэнка памілуе палітвязняў?


Аляксандр Лукашэнка бліжэйшым часам разгледзіць пытанне пра памілаванне некаторых асуджаных апазіцыйных палітыкаў. Пра гэта ён заявіў 5 красавіка на нарадзе ў пытаннях вонкавай палітыкі, паведамляе дзяржаўнае агенцтва «БЕЛТА».

“Мы прымем рашэнне наконт некаторых асобаў, якія ўрэшце ўсвядомілі хібнасць уласнай пазіцыі ды палітыкі адносна ўласнай дзяржавы”, – заявіў Лукашэнка на нарадзе ў пытаннях замежнай палітыкі. Паводле яго, ён вырашыць лёс тых вязняў, якія звярнуліся да яго з прашэннем на ўласнае жаданне, без прымусу. А тыя “адзін ці два”, што не захацелі пісаць, застануцца сядзець.

Кіраўнік дзяржавы запэўніў, што робіць гэтак, кіруючыся палажэннямі закону і Канстытуцыі: “Я ніколі ніводнага рашэння не прымаю зыходзячы з уласных амбіцыяў. Я раблю так, як мне загадваюць Канстытуцыя і закон. Ніяк “наадварот” не можа быць”.

Жонка палітзняволенага Міколы Статкевіча Марына Адамовіч гаворыць, што не верыць у шчырасць словаў кіраўніка Беларусі. “Гэтыя заявы дэтэрмінаваныя тою палітычнаю і эканамічнаю сітуацыяй, у якой апынулася краіна дзякуючы дзеянням менавіта гэтага чалавека”, – зазначае спадарыня Адамовіч.

Марына Адамовіч звяртае ўвагу на тое, што з вуснаў прэзідэнта прагучаў даволі дакладны пасыл: памілую тых, хто раскаяўся. “То бок, ён даў зразумець: пішыце, спадары, а мы разгледзім. Для мяне відавочна, што ён баіцца сваіх былых супернікаў і шукае лішнюю нагоду ачарніць і прынізіць іх”, – зазначае Марына Адамовіч.

Жанчына гаворыць, што ў яе няма спадзяванняў на тое, што ейны муж неўзабаве выйдзе на волю: “Вызваліць Міколу Статкевіча Лукашэнку можа прымусіць хіба што жорсткая неабходнасць, звязаная з вонкавым і ўнутраным палітычным і эканамічным станам нашай краіны”.

Цяпер за кратамі застаюцца трое фігурантаў у справе 19 снежня. Гэта супернікі Лукашэнкі на мінулых выбарах Мікола Статкевіч і Андрэй Саннікаў, а таксама каардынатар кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Дзмітрый Бандарэнка, які ўваходзіў у выбарчы штаб Андрэя Саннікава. Пакаранне “хіміяй” адбывае кіраўнік выбарчага штабу Віталя Рымашэўскага Павал Севярынец. Агулам жа спіс беларускіх палітвязняў налічвае больш за дзясятак прозвішчаў.

На сённяшні дзень вядома, што прашэнне аб памілаванні напісалі Андрэй Саннікаў (асуджаны на 5 гадоў калоніі) і Дзмітрый Бандарэнка (2 гады зняволення).

belsat.eu

Стужка навінаў