Вайна за неба: працяг


Дэпартамент авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацыяў Беларусі накіраваў у Федэральнае агенцтва паветранага транспарту («Росавиация») і Міністэрства транспарту Расеі ліст з патрабаваннем скараціць з 13 красавіка колькасць авіярэйсаў у Менск з пяці да чатырох.

Як паведамляе расейскае выданне «КоммерсантЪ» са спасылкаю на інфармаваную крыніцу, ліст з Менску датаваны 3 красавіка і напісаны ва ўльтыматыўнай форме. Паводле інфармацыі суразмоўцы, папераджальныя тэлеграмы аналагічнага зместу атрымалі таксама ўсе расейскія авіяперавозчыкі, якія працуюць на беларускім напрамку: «Аэрофлот» (штодня ажыццяўляе тры рэйсы ў Менск), «Сибирь» і «ЮТэйр» (па адным рэйсе). Як вынікае з ліста, расейскі бок сам мае вызначыць, у каго забраць адзін рэйс. Атрыманне такога ліста пацвердзілі ў кампаніі «Аэрофлот».

У беларускіх ведамствах атрымаць каментарый пакуль не ўдалося. Разам з тым, як стала вядома, 4 красавіка кіраўнік дэпартаменту авіяцыі Міністэрства транспарту Вадзім Мельнік адправіўся ў Маскву, як мяркуецца, для перамоў наконт гэтай праблемы.

Нагадаем, 26 сакавіка на чатыры гадзіны былі спыненыя авіязносіны паміж Менскам і Масквою. Гэта адбылося пасля таго, як «Росавиация» адклікала дазвол на выкананне кампаніяй «Белавія» рэйсаў з Менску і Масквы.

29 і 30 сакавіка ў Маскве прайшлі перамовы прадстаўнікоў авіяцыйных уладаў Расеі ды Беларусі, аднак дасягнуць кампрамісу не ўдалося.

Па выніках перамоваў намеснік гендырэктара «Белавія» Ігар Чаргінец паведаміў: бакі дамовіліся, што да 12 красавіка ўключна пералёты будуць ажыццяўляцца ў межах ранейшых дамоўленасцяў. «Да гэтай даты выдадзеныя дазволы і нам, і расейскім кампаніям», – паведаміў ён. На пытанне, што будзе пасля 12 красавіка, Чаргінец адказаць не здолеў. «Цяжка сказаць, што гэта будзе – чарговы раўнд перамоваў або кансультацыі, або нейкія яшчэ метады ўзаемадзеяння», – сказаў ён.

belsat.eu

Стужка навінаў