Галандскія канструктары прэзентавалі аўтамабіль-верталёт


Першыя тэставыя заезды і палёты галандскага аўтамабіля-верталёта прайшлі паспяхова. Стваральнікі мадэлі спадзяюцца паставіць яе на масавую вытворчасць.

У сакавіку некалькі выпрабавальных палётаў мадэлі “PAL-V” былі праведзеныя ў Нідэрландах. Каб узняцца ў паветра, машыне патрэбны 165-метровы ўчастак дарогі ці проста адносна роўнай паверхні. Мадэль мае два вінты – зверху і ззаду. Большы, што месціцца на даху, складаецца, калі мадэль выкарыстоўваецца дзеля перасоўвання па зямлі. Максімальная хуткасць у абодвух варыянтах – 180 кіламетраў на гадзіну.

“Вы можаце выбраць – ці вы хочаце кіраваць як звычайным аўтамабілем, а можаце лятаць, аднак галоўнае – што ўсё гэта спалучаецца ў адным транспартным сродку. Калі вы хочаце пераляцець праз гару – то вы можаце зрабіць гэта. Можна лётаць над вадою і, вядома ж, пераляцець дарожны затор. Гэтыя рэчы сталіся магчымыя ў наш час, – гаворыць Робэрт Дынхэмансэ, сузаснавальнік праекту. – Каб кіраваць такою машынаю, патрэбныя звычайныя правы кіроўцы ды персанальная ліцэнзія пілота, а гэта – каля 20–30 гадзінаў заняткаў. Нашая машына – гэта самы просты і самы бяспечны спосаб палёту”.

Распрацаваная мадэль аўтамабіля-верталёта, паводле стваральнікаў, не такая шумная, як звычайны верталёт, бо хуткасць абаротаў ротару значна меншая. Канструктары спадзяюцца, што іхная мадэль будзе карыстацца попытам не толькі ў аматараў палёту, але і ў паліцыі ды медычных службаў.

belsat.eu

Стужка навінаў