Алена Дубовік: Спецназ збівае людзей і ніколі за гэта не адказвае


Менскі канцэрт дзеля падтрымання ініцыятывы “Ежа замест бомбаў” скончыўся для наведнікаў арыштамі ў ізалятары, штрафамі, а для некаторых і фізічнымі траўмамі. Адна з пацярпелых плануе абскарджваць неправамоцныя дзеянні сілавікоў.

У сталічны клуб у ДК МТЗ у бары “Ё-Маё”, дзе праходзіў дабрачынны канцэрт, уварваўся спецназ. Каля ста гасцей імпрэзы вывезлі ў раённыя ўпраўленні ўнутраных справаў сталіцы. Спецназаўцы дзеялі жорстка, беспадстаўна ўжываючы фізічную сілу. Людзі былі ў шоку ад такога павароту культурніцкай імпрэзы і папросту не аказвалі супраціву.

Усіх дзяўчат адвезлі ў Партызанскі РУУС і трымалі там каля трох гадзінаў. За гэты час перапісалі пашпартныя звесткі, распыталі, як яны патрапілі на канцэрт, узялі адбіткі пальцаў. Матыў захопу гасцей канцэрту патлумачылі дзіўным чынам: спачатку быццам здарыўся крадзеж і ў бары былі падазраваныя, пасля – нібыта з’явілася інфармацыя пра наркотыкі. Аднак адна з нявольных удзельніц гэтых падзеяў Алена Дубовік гаворыць, што “калі дапытвалі людзей цягам сутак, то ніхто пра наркотыкі не пытаўся. Напэўна, трэба было скласці нейкую базу сацыяльна актыўных людзей”.

Алена Дубовік распавяла, што спецназаўцы білі яе падчас затрымання і дарогаю да РУУС. “Збілі ў аўтобусе, некалькі разоў білі па галаве, а калі выцягвалі тэлефон, то крыху пашкодзілі руку, – распавядае ахвяра сваволі сілавікоў. – Яшчэ адну дзяўчыну білі па твары, калі яна пачала за мяне заступацца”. Алена кажа, што збівалі і некаторых хлопцаў, а адзін увогуле патрапіў у шпіталь пасля “знаёмства” з метадамі працы спецназаўцаў.

Паводле Алены Дубовік, калі ў РУУС высветлілі ейную асобу і ў базе звестак з’явілася інфармацыя, што дзяўчына адбывала адміністратыўны арышт за ўдзел у мітынгу ў дзень выбараў, то працаўнікі міліцыі вырашылі адправіць яе на “суткі”. “А, Алена Пятроўна, вы ўжо 15 сутак сядзелі, то і яшчэ трое пасядзіце”, – распавядае дзяўчына пра рэакцыю міліцыянтаў.

Усе згаданыя вышэй неправамоцныя дзеянні працаўнікоў сілавых ведамстваў Алена Дубовік мае намер абскарджваць, адвакат ужо забраў копію пастановы суду, і ў пятніцу будзе пададзеная скарга. Праўда, дзяўчына не надта спадзяецца, што зможа адстаяць праўду. “Мяркую, што выніку не будзе, бо ў нас няма суддзяў, усё робіцца на загад, – гаворыць Алена. – І паводзіны амапаўцаў, відаць, такія, бо яны раней збівалі людзей і ніколі за гэта не адказвалі. Вось і працягваюць так рабіць. Увогуле, я так разумею, што ўлады дабіваюцца, каб людзі пужаліся, сядзелі дома. Праўда, на мяне такія метады не ўздзейнічаюць”.

“Ежа замест бомбаў” – гэта сусветная ініцыятыва. Яе ўдзельнікі кіруюцца дэвізам “Ежа – гэта права, а не прывілей”. У Менску актывісты праводзяць акцыі, падчас якіх раздаюць супы, цёплую кашу і гарбату бяздомным людзям.

Сёлета ў лютым быў падобны выпадак нападу: тады спецназ уварваўся ў кватэру, дзе праходзіла паседжанне “Ліцвінскага клубу” – культурніцкай абшчыны моладзі, якая існуе ўжо больш за пяць гадоў. Яе ўдзельнікі збіраюцца дзеля прагляду фільмаў, дыскусіяў на розную тэматыку.

Праваабаронца, былы следчы Алег Волчак нічога дзіўнага ў такіх паводзінаў уладаў не бачыць: “Любыя сацыяльныя групы цяпер будуць абмяжоўваць у магчымасці збірацца, каб было як мага менш праяваў актыўнасці сярод людзей. Бо сёння сустрэліся з культурнай нагоды, а заўтра не вядома чым гэта скончыцца. Мінулы год паказаў, што нават маўклівыя акцыі могуць пахіснуць палітычны рэжым. Таму цяпер нават аматарам-пчалярам не дазволяць без дазволу дзяржавы ладзіць свае пасядзелкі. Паглядзіце: дачнікам, якія бароняць свае правы на зямлю, таксама кажуць, каб бралі афіцыйныя дазволы на сход”.

Што тычыцца ўжо стандартных нагодаў дзеля затрымання людзей – быццам ёсць інфармацыя пра крадзеж, наркотыкі, то, паводле Волчака, “гэта ўсё ідзе ад беспакаранасці”. “Калі б хоць раз пракурор даў па лапах за гэта, то і не было б такога. Бо падобную практыку можна назваць фальсіфікацыяй звестак. Я б параіў усім пацярпелым калектыўна абараняць свае правы, пісаць скаргі, звяртацца да журналістаў, каб падобныя выпадкі не замоўчваліся”, – падкрэслівае праваабаронца.

belsat.eu

Стужка навінаў