Хакеісты бягуць з карабля?


Паводле непацверджанай інфармацыі, арыштаваны бізнесовец і нападнік прэзідэнцкага хакейнага клубу Павел Белы абвінавачваецца ў адмыванні грошай і нелегальным пераводзе за мяжу 6 млн долараў.

Былы следчы і праваабаронца Алег Волчак мяркуе, што гэтак Лукашэнка паказвае іншым “прыдворным” бізнесоўцам, што спробы ўцёкаў за мяжу будуць карацца.

“Лукашэнка зразумеў, што ягоныя падначаленыя пачынаюць думаць пра эміграцыю, пераводзіць нейкі капітал за мяжу і пакрыху выязджаць. Таму ён зразумеў, што трэба неяк дэзерціраў утрымаць. Таму – гэта сігнал іншым бізнесоўцам: заставайцеся дома і дапамагайце”, – кажа Алег Волчак.

Паводле праваабаронцы, магчымыя два варыянты развіцця падзеяў: Белы заплаціць у некалькі разоў большую суму за тую, у крадзяжы якой падазраецца, і выйдзе на свабоду. Прынамсі, так было з дырэктарам рынку “Ждановічы” Яўгенам Шыгалавым.

“Або сядзе надоўга, каб іншыя хакеісты не беглі з карабля, а на ягонае месца заўсёды хтосьці знойдзецца”, – прагназуе спадар Волчак.

Павел Белы гуляў у асноўных беларускіх хакейных клубах і двойчы выклікаўся ў нацыянальную зборную Беларусі.

“Гэта быў таленавіты хакеіст. Не здолеў, праўда, дамагчыся чагосьці вялікага за сваю кар’еру. Магчыма, каб ён сапраўды любіў хакей, то гуляў бы або трэніраваў надалей, аднак, відаць цяга да грошай была мацнейшая, таму заняўся бізнесам”, – кажа спартовы аглядальнік “Белсату” Алесь Пуціла.

Сышоўшы са спорту, Белы заняўся бізнесам: як паведамляе “Беларускі партызан”, ён будаваў шматпавярховыя дамы ў Менску. Самы вядомы ягоны праект – шматпавярховікі ў Першамайскім раёне. Белы атрымліваў выдатныя месцы ў горадзе дзеля будаўніцтва дзякуючы набліжанасці да прэзідэнта.

belsat.eu

Стужка навінаў