Вайна за неба: «Росавиация» вінаваціць беларускі бок


“І там, і там чыноўнікі. І там, і там хабарніцтва. І яны дзеюць не ў інтарэсах спажыўца. З Вільні можна даляцець да Парыжу за 20 еўраў, з Менску – за 200, а з Масквы – за 1000 еўраў. Яны сядзяць на гэтай жыле, дзеляць грошы, і адзінае, што можна зрабіць, – увесці канкурэнцыю”, – мяркуе кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка.

“Увогуле канфлікт – на роўным месцы. Беларусам прасцей ехаць у Коўна або ў Вільню і адтуль ляцець у тры-пяць разоў таннейшымі рэйсамі ў Еўропу, Азію – куды захочаце. З гэтымі манапалістамі лепш не звязвацца”, – дадаў Леанід Заіка.

Паводле “Росавиации”, беларускі бок спрабаваў адміністратыўнымі захадамі скараціць колькасць рэйсаў расейскіх авіякампаніяў з 35 да 28 рэйсаў на тыдзень, хоць шмат якія пасажыры расейскіх авіяперавозчыкаў загадзя набылі квіткі. У “Росавиации” сцвярджаюць, што “Пагадненне аб паветраных зносінах паміж Расеяй і Беларуссю” не прадугледжвае якога-кольвек рэгулявання колькасці палётаў і колькасці авіякампаніяў як для беларускага, гэтак і для расейскага бакоў у паветраных зносінах паміж краінамі.

Дзеля дасягнення ўзаемных дамоўленасцяў авіяцыйныя ўлады праводзілі перамовы ў пытаннях паветраных зносінаў паміж сталіцамі дзвюх дзяржаваў на розных узроўнях. Як удакладняюць у “Росавиации”, папярэднія дамоўленасці былі дасягнутыя толькі ў панядзелак уранку, 26 сакавіка.

Да замацавання сваіх дамоўленасцяў у вызначаным парадку бакі пастанавілі дзеля інтарэсаў пасажыраў расейскай і беларускай авіякампаніяў пацвердзіць палёты паміж Масквою і Менскам у поўным аб’ёме – пяць рэйсаў на дзень – да 29 сакавіка, калі маюць адбыцца перамовы бакоў у Маскве.

belsat.eu

Стужка навінаў