Алесь Лагвінец: Расея будзе далей імкнуцца паслабіць Лукашэнку


https://youtu.be/FiwtVaSKw-4
Паводле палітолага, сустрэча прэзідэнтаў Беларусі ды Расеі не сведчыць пра пацяпленне ў адносінах.

Аляксандр Лукашэнка падпісаў нафтавае пагадненне на ўмовах Расеі і паабяцаў, што беларускі бок першым паставіць подпіс на пакеце дакументаў пра адзіную эканамічную прастору. Прэзідэнт Беларусі паспяшаўся, бо баіцца, што Крэмль не прызнае вынікаў выбараў – менавіта так мяркуе Кірыл Коктыш, палітолаг Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных стасункаў МЗС Расеі.

Палітолаг Алесь Лагвінец лічыць, што сустрэчу Дзмітрыя Мядзведзева і Аляксандра Лукашэнкі нельга назваць лёсавызначальнаю, бо яе запланавалі даўно: “Я не думаю, што на ёй прынялі нейкія значныя рашэнні: папярэдняя сустрэча Пуціна і Сідорскага ні да чаго не прывяла. Думаю, Аляксандр Лукашэнка ўсведамляе, што шмат мастоў спалена”. Аднак, паводле эксперта, прэзідэнт Беларусі і далей будзе рабіць спробы выгандлеваць ільготныя ўмовы ў пастаўках нафты і газу, бо спадзяецца, што Расея так ці інакш пагодзіцца з тым станам справаў, які ёсць у Беларусі.

“Магчыма, нейкі нейтралітэт будзе. Але хутчэй, “по умолчанию”, чым па выніках двухбаковай згоды”, – мяркуе Алесь Лагвінец. Эксперт схіляецца да таго, што Масква будзе надалей імкнуцца паслабіць Лукашэнку і стварыць больш “напаўаўтаномных асяродкаў, якія былі б наўпрост залежныя ад яе, прадстаўлялі тут яе інтарэсы і маглі б уздзейнічаць як на сённяшні аўтарытарны рэжым, так і на магчымы будучы напаўдэмакратычны дзеля адстойвання яе інтарэсаў у Беларусі”.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары