Дзень Волі: адзначаем разам з „Белсатам”!


15:59 Віктар Івашкевіч паспрабаваў прысароміць інтэрнаўтаў, „якія цяпер напэўна сядзяць у інтэрнэце ды глядзяць, што ж там адбываецца”, замест таго каб узяць удзел у акцыі. Галоўным вынікам акцыі Івашкевіч назваў тое, што тысячы чалавек не пабаяліся выйсці на вуліцу і прайсці з нацыянальнымі сцягамі.

15:52 Мітынг скончаны. Людзі расходзяцца, міліцыя не перашкаджае. Паводле некаторых ацэнкаў, удзел у акцыі ўзялі ад 4 да 5 тысячаў чалавек.

15:49 Аляксандр Мілінкевіч: „Нам цяпер навязваюць нейкую ідэялогію. Але няма іншай ідэялогіі ў беларусаў, акрамя нацыянальнай ідэі! Нашая ідэялогія, нашая ідэя – гэтыя сцягі, Пагоня – нашая ідэя! І давайце яднацца вакол гэтага, я заклікаю палітыкаў, грамадскіх дзеячоў да яднання. Мы – адказныя, і гэта – час адказнасці для беларусаў!”

15:30 Выступае бард Зміцер Вайцюшкевіч. “Ніхто з беларускіх кампазітараў і паэтаў не напісаў пра іхны чырвона-зялёны сцяг”! – сказаў спявак перад выкананнем песні пра нацыянальны бел-чывона-белы сцяг.

15:13 Міліцыянты не прапусцілі на плошчу Бангалор машыну з гукаўзмацнялнаю апаратураю. Арганізатары акцыі прамаўляюць да людзей са сцэны, карыстаючыся мегафонамі.


14:55 Каля ўнівермагу “Рыга” ад удзельнікаў шэсця аддзяліліся прадстаўнікі Маладога фронту. Яны абвесцілі аб прыпыненні свайго ўдзелу ў акцыі, паколькі не збіраюцца ісці на плошчу Бангалор.


14:52
Удзельнікі святкавання дайшлі да плошчы Бангалор. Міліцыянты ў ачапленні правяраюць торбы і прапускаюць людзей за турнікеты.

14:25 Міліцыя сочыць за парадкам і ахоўвае калону, ім дапамагаюць дружыннікі арганізатараў. Надвор’е пагоршылася, пачаўся дождж са снегам.


14:14 Пачатак калоны ўжо дайшоў да Сурганава адмыслова для шэсця міліцыя перакрыла рух. З’явіліся сцягі вясёлкавыя сцягі сэксуальных меншасцяў.


13:58
Дэманстранты рушылі ў бок плошчы парку Дружбы народаў.
Затрыманы актывіст БХД Вадзім Кабанчук, ягонае аўта спынілі каля Опернага тэатру, месцазнаходжанне апазіцыянера невядомае.


13:55 Аляксандр Мілінкевіч: „Для мяне гэта і свята, і адначасова акт супраціву. Так склалася нашая гісторыя. Цяпер нам выходзім на вуліцы, бо нам залаў не даюць і не дадуць. Мы хочам сказаць, што хочам жыць у іншай Беларусі. Не магу сказаць што настрой кепскі, хутчэй – цвёрды і рашучы, бо мы самі мусім змяніць сітуацыю”.

13:46. Ля акадэміі навук паводле некаторых ацэнкаў сабраліся не менш як тры тысячы чалавек. Міліцыя сочыць за дэманстрантамі з-за турнікетаў і не ўмешваецца. Людзі скандуюць “Свабоду палітвязням!”.

13:29
Віталь Рымашэўскі, экс-кандыдат на прэзідэнта пажадаў гледачам “Белсату” любові да Радзімы і павіншаваў з Днём Волі: “Сённяшні рэжым пазбаўляе нас” нашай гісторыі, наша мовы. Хутка заселяць гэтую краіну іншымі народмі, яшчэ больш лаяльнымі, яшчэ больш бяспамятнымі, кітайцамі. А беларусам месца – ці па-за межамі, ці шлях да вымірання”

13:26 Каля Акадэміі навук прыкладна 500 чалавек, вялікія чэргі каля турнікетаў.

13:20 Людзей значна паболела. Міліцыя не ўмешваецца.

13:10 На месцы правядзення акцыі сабраліся каля трох сотняў чалавек. Некаторыя прыйшлі з нацыянальнымі сцягамі.

13:00
Людзі збіраюцца ля Акадэміі навук. Тэрыторыя абнесеная турнікетамі, шмат міліцыі, многія з міліцыянтаў – у цывільным.

Сёння дэмакратычная грамадскасць краіны адзначае Дзень Волі – гадавіну абвешчання Беларускай Народнай Рэспублікі. Тэлеканал «Белсат» ладзіць відэатрансляцыю святкавання Дня Волі на старонцы belsat.eu у выглядзе серыі ўключэнняў і трансляцыі відэа з месца падзеяў. Пачатак – а 13:00. Не прапусціце!

У Менску адбудуцца шэсце і мітынг – гарадскія ўлады далі дазвол на збор удзельнікаў акцыі а 13:30 каля будынку прэзідыуму Нацыянальнай акадэміі навук, шэсце па вуліцы Сурганава да плошчы Бангалор і мітынг, які мае прайсці ў парку Дружбы Народаў з 14:30 да 17:00.

Як паведамілі арганізатары акцыі, з кіраўніцтвам менскай міліцыі дасягнутая дамоўленасць пра тое, што не будзе перашкодаў у выкарыстанні бел-чырвона-белых сцягоў ды іншай нацыянальнай сімволікі і лозунгаў, якія адпавядаюць тэматыцы акцыі.

З санкцыянаваным маршрутам не пагадзіліся актывісты міжнароднай грамадскай арганізацыі «Малады фронт», якія заявілі, што плануюць адзначыць галоўнае свята Беларусі ў цэнтры сталіцы, а не «на балоце» (як часам называюць размешчаную ў нізіне плошчу Бангалор). Аднак арганізатары перакананыя, што галоўнае ў святкаванні Дня Волі – не маршрут, а масавасць.

Шмат у якіх рэгіёнах Беларусі мясцовыя ўлады забаранілі вулічныя акцыі з нагоды Дня Волі.

Незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі была абвешчаная ў ноч з 24 на 25 сакавіка 1918 г. Пасля зрыву мірных перамоваў у Берасці і наступлення германскіх войскаў бальшавікі пакінулі Менск. У гэтай сітуацыі дзеячы Цэнтральнай беларускай вайсковай рады і Выканаўчага камітэту Рады Усебеларускага з’езду абвесцілі сябе часоваю ўладаю на тэрыторыі краіны да склікання Устаноўчага сходу. 21 лютага 1918 г. Выканкам Рады сфармаваў першы ўрад БНР – Народны сакратарыят на чале з Язэпам Варонкам.

Урад БНР прыкладаў нямала намаганняў для арганізацыі нацыянальных інстытутаў. Была прынятая пастанова аб дзяржаўным статусе беларускай мовы, адкрываліся беларускія школы і гімназіі, культурна-асветніцкія таварыствы і тэатры, працавалі выдавецтвы, выходзілі беларускія газеты, ішла праца для адкрыцця ў Менску Беларускага ўніверсітэту. З’явіўся пашпарт грамадзяніна БНР, у тым ліку дыпламатычны, была ўзаконеная дзяржаўная сімволіка — бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня». У шэрагу краінаў Еўропы адкрыліся дыпламатычныя прадстаўніцтвы БНР.

Аднак ва ўмовах складанага ваенна-палітычнага становішча Рада БНР не змагла рэалізаваць ідэі дзяржаўнага суверэнітэту краіны — яна аказалася не абароненаю перад расейскімі бальшавікамі і польскімі легіёнамі. У снежні 1918 г. урад БНР быў вымушаны пераехаць у Вільню, затым – у Горадню. 1 студзеня 1919 г. бальшавікі заявілі пра стварэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, якая ў 1922 г. увайшла ў склад СССР.

Шматлікія гісторыкі лічаць, што менавіта перыяд БНР быў першым этапам дзяржаўнага станаўлення беларускай нацыі.

belsat.eu

Стужка навінаў