Леанід Злотнікаў: Эканоміцы патрэбны $ 1 млрд вонкавай дапамогі штомесяц


Ці можа паўтарыцца крызіс 2011 года? Эканаміст Леанід Злотнікаў зазначае, што праблемы, якія выклікалі мінулагодні крызіс, застаюцца актуальныя і сёння. “Галоўная прычына – гэта тое, што як і раней спажыванне ў краіне, маецца на ўвазе і насельніцтва, і ўрад, перавышае магчымасці эканомікі краіны”, – зазначыў эксперт.

Паводле Леаніда Злотнікава, у 2011 годзе запатрабаванні краіны былі большыя за вытворчасць на 7,5 %, а ў 2010 годзе – прыкладна ўдвая. „Краіна па-ранейшаму жыве не па сродках – спажыванне перавышае магчымасці, а з іншага боку, надышоў час аддаваць пазыкі за тое жыццё не па сродках, якое было ў папярэднія гады. Сітуацыя застаецца напружаная”, – падкрэслівае эканаміст.

Паводле Леаніда Злотнікава, каб узровень жыцця беларусаў застаўся на сённяшнім узроўні, неабходныя грашовыя паступленні звонку. „Гэтыя паступленні маюць складаць каля мільярда долараў на месяц. Вось тады сітуацыя будзе заставацца такая, як ёсць, без далейшага падзення ўзроўню жыцця”, – гаворыць Леанід Злотнікаў.

Эксперт падкрэсліў, што з гэтай сітуацыі можна выйсці, аднак дзеля гэтага трэба „вельмі крута рэфармаваць эканоміку”. „Я маю на ўвазе стварэнне ўмоваў дзеля прыцягнення замежных інвестыцыяў і новых тэхналогіяў. Гаворка пра тое, што трэба такія ўмовы стварыць, вядзецца ўжо тры гады, аднак мы бачым, што наўпроставыя замежныя інвестыцыі, якія б нам маглі дапамагчы, да нас не ідуць”, – дадаў эканаміст.

belsat.eu

Стужка навінаў