Андрэй Бандарэнка ў «Гарачым каментары»


Спіс невыязных з Беларусі грамадскіх дзеячаў усё шырыцца. Цяпер ужо трынаццаць беларускіх палітыкаў, праваабаронцаў і журналістаў атрымалі адмову ў выездзе за межы краіны.

Мінулаю ноччу за мяжу не выпусцілі былога старшыню Партыі БНФ Вінцука Вячорку. Яго знялі з цягніка на беларуска-польскай мяжы. Палітык напярэдадні спраўджваў, ці можа выязджаць з краіны. У аддзеле грамадзянства і міграцыі яму паведамілі, што ў базе невыязных яго няма, і далі адпаведную даведку. Вінцук Вячорка стаўся трынаццатым грамадскім дзеячам, якому адмовілі ў выездзе. Спіс невыязных улады Беларусі ўвялі ў адказ на санкцыі Еўразвязу.

Як патлумачылі праваабаронцу Андрэю Бандарэнку, ён не можа выехаць з Беларусі, бо “ўхіляецца ад прызыву на вайсковую службу”. Пры тым яго прызыўны век закончыўся дванаццаць гадоў таму.

“Мяркую, гэта проста адзінае, што яны змаглі прыдумаць, каб не выпусціць мяне за мяжу. Мы звярнуліся ў Генпракуратуру, каб знайсці жартаўнікоў, якія гэта прыдумалі, ды падалі ў суд на Міністэрства абароны Беларусі ды на Міністэрства ўнутраных справаў”, – кажа праваабаронца.

Спадар Бандарэнка выступаў за санкцыі супраць тых, хто фінансава падтрымлівае беларускі рэжым. Як паведамлялася раней, у спіс невыязных можна трапіць менавіта за гэткія заклікі. Разам з гэтым, забарона выезду мала паўплывала на дзейнасць праваабаронцы. Паводле Бандарэнкі, гэта не перашкаджае камунікаваць з замежнымі калегамі.

“Мусіць быць зразумела, што мы не змагаемся за ўвядзенне санкцыяў супраць простых грамадзянаў Беларусі. Гаворка вядзецца пра тых, хто служыць рэжыму, пераступаючы закон, і тых, хто фінансава падтрымлівае Лукашэнку. Я практычна ўпэўнены, што Еўразвяз пашырыць спіс неўязных яшчэ на 12 чалавек, і ў дачыненні чатырох бізнесоўцаў будуць выкарыстаныя канкрэтныя кропкавыя абмежаванні. І хацелася б падкрэсліць, што гэта ніяк не паўплывае на беларускіх грамадзянаў”, – кажа Андрэй Бандарэнка.

belsat.eu

Стужка навінаў