Улады абяцаюць пашырыць спіс невыязных


Пра пашырэнне спісу невыязных з Беларусі Аляксандр Лукашэнка паведаміў у інтэрв’ю тэлеканалу Russia today. На пытанне аб тым, ці створаны такі спіс, ён адказаў: “А мы зрабілі. І тое, мы яго яшчэ не ўвялі. На поўную моц яшчэ не ўвялі. Але ўвядзем”.

Ён абвінаваціў апазіцыянераў у падбухторванні Захаду да ўвядзення санкцыяў у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў, бізнесменаў і прадпрыемстваў: “Гэта яны Захаду падкідваюць прозвішчы, арганізацыі, прадпрыемствы і настойваюць на ўвядзенні эканамічных санкцыяў. Яны”.

Сёння ранкам за мяжу не выпусцілі намесніка старшыні Беларускай партыі левых „Справядлівы свет” Валерыя Ухналёва, які ехаў у Вільню. Раней у выездзе за мяжу было адмоўлена палітыкам і грамадскім дзеячам Сяргею Калякіну, Анатолю Лябедзьку, Віктару Карняенку, Андрэю Бандарэнку, Станіславу Шушкевічу, правааабаронцам Валянціну Стэфановічу, Гары Паганяйлу, Алегу Гулаку, рэдактару „Нашай нівы” Андрэю Дынько, журналісту тэлеканала „Белсат” Міхасю Янчуку, кіраўнічцы БАЖ Жанне Літвіной.

belsat.eu

Стужка навінаў