Кітайцы хочуць інвеставаць у «даліну смерці»


«Будзем стаяць ланцугом дзень і ноч», – пагражаюць жыхары Светлагорску, якія супраціўляюцца кітайскім інвестыцыям. У горадзе хочуць пабудаваць завод для вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлозы.

Праектная магутнасць завода – 400 тонаў за год высакаякаснай цэлюлозы, 500 новых працоўных месцаў ды інвестыцыі на суму 654 млн долараў. Аднак жыхары Светлагорску, які ўваходзіць у дзясятку найбольш брудных гарадоў краіны, гэтыя планы сустрэлі без аптымізму.

«Калі раптам без нашай згоды пачнуць будаваць завод, уся Слабада, увесь Светлагорск, можа, палова, мы выйдзем, станем ланцугом, але мы не дамо будаваць завод. Будзем дзень, ноч стаяць, але папярэджваем: будаваць не дазволім», – гаворыць мясцовая жыхарка.

У горадзе ўжо працуюць два хімічныя гіганты: «Светлагорск Хімвалакно» і цэлюлозна-кардонны камбінат. Будаўніцтва трэцяга хімічнага заводу можа прывесці да экалагічнай катастрофы ў горадзе – лічаць мясцовыя актывісты, а таму яны пачалі збор подпісаў супраць гэтага праекту.

У светлагорскім райвыканкаме «Белсату» паведамілі, што пра настроі людзей ведаюць, і запэўнілі, што казаць пра будаўніцтва новага заводу пакуль заўчасна.

Новы завод плануюць будаваць блізу вёскі Якімава Слабада. Паводле планаў, ад дамоў да новага заводу будзе каля 500 м. Жыхары Слабады гавораць, што і без новага шкоднага прадпрыемства іхную мясцовасць называюць далінаю смерці: «Нашыя слабадскія могілкі ўжо гароды суседніх дамоў хутка зоймуць пад сваю тэрыторыю. Хаваць няма дзе», – распавядае вяскоўка. «У нас у паселішчы адныя ўдовы, гэта жахліва», – дадае суседка.

Паводле былой працаўніцы Светлагорскага занальнага цэнтру гігіены і эпідэміялогіі Ганны Сомавай, ужо цяпер канцэнтрацыя шкодных рэчываў у паветры гораду перавышае норму ў 5 разоў. Калі ўлады не адрэагуюць на настроі ў грамадстве, людзі абяцаюць правесці мясцовы рэферэндум пра мэтазгоднасць будаўніцтва новага заводу.

belsat.eu

Стужка навінаў