Рада "памнажэння помнікаў" знішчае гістарычныя будынкі


У Горках стварылі Раду “захавання і памнажэння” гісторыка-культурных каштоўнасцяў, але пасля першага паседжання стала відавочна, што гістарычныя будынкі перад “Дажынкамі-2012” па-ранейшаму збіраюцца зносіць, а не памнажаць.

У арганізацыю увайшлі 30 чалавек. Сярод іх – прадстаўнікі ўсіх грамадскіх аб’яднянняў, зарэгістраваных у раёне, структураў райвыканкаму, музею, сельскагаспадарчай акадэміі.

“Гэта дарадчы орган, каб раённыя і абласныя органы ўлады ведалі гледзішча большасці людзей. Любы чалавек, калі ў яго ёсць жаданне, можа ўвайсці ў склад рады”, – заахвочвае намеснік старшыні рады, прарэктар павышэння кваліфікацыі ды перарыхтавання кадраў сельскагаспадарчай акадэміі Аляксандр Чачоткін.

На першым паседжанні дыскутавалі наконт двух жылых будынкаў па вуліцах Мічурына і Ціміразева, занесеных у рэестр гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Большасць выказалася за тое, што яны не ёсць гістарычнаю каштоўнасцю. Шэраг выступоўцаў заклікалі ўнесці прапанову ў Міністэрства культуры аб выключэнні будынкаў з рэестру.

“Раду стварылі ў адказ на дзеянні грамадскіх актывістаў дзеля захавання дому Максіма Гарэцкага, які плануюць знесці напярэдадні “Дажынак”. Рада нібыта будзе выказваць грамадскую думку, на якую зможа абапірацца ўлада ў сваіх рашэннях. Насамрэч “прыкормленая” рада будзе праводзіць усе даручэнні “зверху”, не дбаючы пра захаванне гістарычнай спадчыны”, – пракаментаваў старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч.

Грамадскі дзеяч адзначыў, што не будзе спакойна глядзець, як каштоўнасці выключаюць з рэестру. Ён збіраецца накіраваць лісты ў Міністэрства культуры, Генпракуратуру, Горыцкі райвыканкам.

“Давядзецца прыкласці шмат намаганняў, каб усе ініцыятывы рады разглядаліся згодна з дзейным заканадаўствам аб гісторыка-культурнай спадчыне. Каб даказаць, што будынак страціў архітэктурныя і мастацкія асаблівасці, ім неабходна правесці комплексныя навуковыя даследаванні”, – падкрэсліў старшыня таварыства.

Днямі Антон Астаповіч падасць ў Міністэрства культуры прапанову аб занясенні дому, дзе жыў Максім Гарэцкі, у рэестр гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

“Краязнаўцы падрыхтавалі неабходныя дакументы, і паводле закону нашую прапанову мусяць разгледзець цягам месяца. Аднак, як паказвае практыка, працэс прызнання статусу можа зацягнуцца і на паўгода”, – адзначыў Антон Астаповіч.

belsat.eu

Стужка навінаў